Шумчанка: З 1 снежня для пакупнікоў на рынках нічога не зменіцца
Пра гэта лідар рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" распавёў у каментары Еўрарадыё.
Нагадаем, што месяц таму віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч заявіў, што з 1 снежня 2013 года індывідуальныя прадпрымальнікі павінны перайсці на новыя правілы і карыстацца тэхрэгламентам Мытнага саюза. Раней меркавалася, што новыя правілы пачнуць дзейнічаць з 1 ліпеня 2014 года.
У лістападзе Пракаповіч правёў яшчэ адну нараду, дзе пацвердзіў дату — 1 снежня. Таксама ён заявіў, што ІП змогуць купляць тавары на оптавых базах у Беларусі, куды прадукцыя будзе пастаўляцца непасрэдна ад вытворцаў. У адказ прадпрымальнікі прыгразілі страйкам.
За два дні да меркаванага новаўвядзення лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка сцвярджае, што ніякіх зменаў не будзе.
Шумчанка: "Калі сёння нічога не памяняецца, то сітуацыя застанецца ранейшай з 1 снежня, і ўсё будзе па-ранейшаму. Па нашай інфармацыі, з 1 снежня тое, пра што казаў Пракаповіч, не адбудзецца. Гэта сцвярджаюць чыноўнікі Мінэканомікі і Дзяржстандарту. Усё застанецца па-ранейшаму, і пакупнікі будуць так сама купляць тавар на рынках, як у лістападзе і кастрычніку. Тое ж самае будзе ў снежні".
Па словах Шумчанкі, зменаў варта чакаць толькі з Новага года, бо там сітуацыя можа памяняцца.
Фота — minsknews.by