Столькі гераіну ў Беларусі яшчэ не затрымлівалі (відэа)
У Мінску сілавікі знайшлі схованку з 550 кілаграмамі гераіну, які прывезлі з Афганістана. Як інфармуе ў Telegram прэс-служба МУС, такой вялікай партыі гэтага наркотыку за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі яшчэ не затрымлівалі. Аперацыю правялі супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС пры сілавой падтрымцы байцоў спецпадраздзялення "Алмаз". Яны спынілі дзейнасць арганізаванай міжнароднай злачыннай групы, якая пастаўляла наркотыкі з Афганістана ў Еўрасаюз праз нашу краіну. Пры гэтым зламыснікі выкарыстоўвалі так званы "паўночны маршрут", які праходзіць праз некалькі краін СНД.
Беларускія сілавікі затрымалі групу замежнікаў (жыхароў адной з краін Міжземнамор'я) — трох мужчын і жанчыну. Адбылося гэта яшчэ ў канцы лістапада, але пра аперацыю распавялі толькі ў мінулую суботу, а падрабязнасці — сёння. У сцяне арандаванага склада ў Заводскім раёне сталіцы была знойдзена абсталяваная схованка, у якой і ляжаў гераін.
Кошт партыі на нелегальным рынку складае больш за 50 мільёнаў еўра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.