Суд перанёс дату разгляду скаргі на забарону "Марша дробных хуліганаў"

На 17 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Брэста прызначанае разгляд скаргі 19 актывістаў дэмакратычных сіл на забарону Брэсцкага гарвыканкама праводзіць акцыю "Марш дробных хуліганаў". Як паведаміў БелаПАН ініцыятар акцыі праваабаронца Раман Кісляк, судовае паседжанне па скарзе першапачаткова было прызначанае на 12 верасня. На падставе заявы юрыста гарвыканкама, якая палічыла неабходным прысутнасць на паседжанні ўсіх заяўнікоў скаргі (у суд прыйшлі пяць з 19), суд вырашыў адкласці яе разгляд.
"Марш дробных хуліганаў" планавалася правесці 30 ліпеня на пешаходнай вуліцы Савецкая ў цэнтры горада, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да масавых фактаў адміністрацыйных затрыманняў і арыштаў актывістаў апазіцыі па абвінавачванні ў дробным хуліганстве напярэдадні значных грамадска-палітычных падзей у краіне. Шэсце было забароненае на падставе рашэння гарвыканкама, паводле якога ўсе масавыя мерапрыемствы павінны праводзіцца на стадыёне "Лакаматыў". Адмову гарвыканкама актывісты апазіцыі абскардзілі ў судзе Ленінскага раёна. Яны сцвярджаюць, што стадыён вызначаны як месца правядзення ўсіх масавых мерапрыемстваў, за выключэннем дэманстрацый і вулічных шэсцяў. Актывісты дэмсіл палічылі забарону парушэннем свайго канстытуцыйнага права на мірныя сходы і вольныя выказванні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі