Суд у Гродне можа адмяніць угоду па продажы кватэры яшчэ адной палітэмігранткі
Угоду па продажы нерухомасці хочуць прызнаць бязвартай, ілюстрацыйнае фота
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна сёння пачынаецца працэс па прызнанні бязвартай угоды ў дачыненні да маёмасці журналісткі Ірыны Чарняўкі. Пра гэта паведамляе праект "Права маюць". Раней у дачыненні да Ірыны была распачатая спецвытворчасць па арт. 361-4 КК "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
У судзе будзе разглядацца пытанне "аб устанаўленні факту бязвартасці ўгоды" і "прымяненне наступстваў несапраўднасці ўгоды (пры прызнанні ўгоды бязвартай)". Адказчыкамі выступаюць Чарняўка Ірына Усеваладаўна і Чарняўка Марыя Міхайлаўна. Пазоўнік —пракуратура Гродна і Міністэрства фінансаў. Весці працэс будзе суддзя Вадзім Дзмітрыеў.
Ірына Чарняўка таксама з'яўляецца жонкай палітвязня Паўла Мажэйкі. У ліпені 2023 году яго асудзілі на 6 гадоў калоніі.
Нагадаем, раней гродненскі суд ужо выносіў рашэнне па падобнай справе. Угода аб куплі-продажы кватэры, якая належала мясцовай жыхарцы, вымушанай пакінуць краіну, была прызнана несапраўднай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.