Суд загадаў спагнаць з Логвінава амаль мільярд рублёў
Выдаўцу прызначылі штраф у 5 мільёнаў рублёў і загадалі спагнаць на карысць дзяржавы 961 мільён рублёў прыбытку.
9 студзеня закончыўся працэс у эканамічным судзе над Ігарам Логвінавым — уладальнікам кнігарні "логвінаЎ". Яго вінавацілі ў продажы кніг без ліцэнзіі Мінінфармацыі. Суд прызначыў Логвінаву штраф у 5 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, з Логвінава спаганяюць 961 мільён рублёў, які падатковая інспекцыя палічыла прыбыткам крамы.
На суд над выдаўцом і кнігагандляром у пятніцу пусцілі ажно 20 чалавек — у пяць разоў больш, чым на першае пасяджэнне 5 студзеня.
Нагадаем, што на судзе Ігар Логвінаў не прызнаў сваёй віны. Таксама ён адзначыў, што 961 млн рублёў — гэта не прыбытак кнігарні, а яе абарот. Па словах Логвінава, кнігарня працуе практычна "ў нуль". Аднак суд не прыняў да ўвагі гэтыя аргументы кнігагандляра.
Пасля суда кнігагандля патлумачыў журналістам:
Логвінаў: "Гэтых грошай на рахунку няма. Гэта была чыстая выручка, атрыманая кнігарняй за год працы. На працягу года яна цалкам сыходзіла на арэнду памяшкання, заробкі, іншыя патрэбы. Выплаціць такія грошы зараз немагчыма. Верагодна, цяпер пачнецца працэдура абвяшчэння банкруцтва. Нешта канкрэтнае сказаць складана — будзем раіцца з адвакатам. Мы паспрабуем абскардзць рашэнне суда".
У Логвінава ёсць 10 дзён на тое, каб абскардзіць рашэнне суда.
Дарэчы, журналістам Логвінаў казаў, што вядомая кнігарня працягне працу незалежна ад выніку суда, бо цяпер яна аформленая на іншую юрыдычную асобу. Сам жа Ігар Логвінаў мяркуе заняцца толькі кнігавыдавецкім бізнэсам.