Літаратар Артур Клінаў пра скрытае жыццё беларусаў i раман пра падзеі 2020 года
Артур Клінаў — літаратар, мастак, архітэктар. Заняў другое месца ў прэміі Гедройца за кнігу "Шклатара" ў 2014 годзе. У 2021 годзе за кнігу "Локісаў" (яна і трапіла ў сёлетні шорт-ліст) стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес".
Як на яго творчасць паўплываў беларускі фальклор з тэмамі пярэваратняў, падвойнага жыцця беларусаў і колькі часу трэба пісьменніку для пераасэнсавання падзей 2020 года. Пра гэта Клiнаў расказаў у эфіры Еўрарадыё.
— Для мяне вельмі важным пісьменнікам, як і для ўсёй беларускай літаратуры, з'яўляецца Баршчэўскі. І яго "Шляхціц Завальня". Чаму? Таму, што там Баршчэўскі паспрабаваў зазірнуць у гэтую патаемную душу народа, спрабаваў там пакапацца ў беларускай душы. У гэтых страхах, у гэтым другім жыцці, якое не на фасадзе.
А тое, што кожны беларус мае гэта падвойнае жыццё, гэта амаль навуковы факт. У той ці іншай ступені, гэта фактычна традыцыя гэтага народа, якая ідзе з той жа паралелі, што партызаны. Ведаеце, некалькі стагоддзяў народ мусіў выжываць у вельмі неспрыяльных умовах. Ва ўмовах фактычна акупацыі, і, каб выжыць у гэтых умовах, чалавек мусіў самазахаванне весці: днём ён адзін, калі афіцыйна ён адзін, а калі патаемна — то іншы.
Як кажа пісьменнік, цяпер такая традыцыя засталася і беларусы так і жывуць.
— Мы ж не ведаем, што думаюць тыя людзі, якія зараз прадстаўляюць уладу, што ў іх там у галовах. Ці, наадварот, мы здзіўляемся, што мы думалі, што так усё нармальна, потым — бабах! — і тут такая рэвалюцыя, а быццам бы адкуль яна з'явілася, а яно ж адтуль якраз і прыходзіць. З таго патаемнага жыцця беларуса.
І калі я пісаў "Локісаў", мне хацелася памацаць гэту тэму: падвойную ідэнтычнасць, чалавек з двайным патаемным жыццём, якім кожны з нас трошку ў большай ці меншай ступені з'яўляецца.
А што тычыцца фальклору, ён адлюстраваў тое, што ёсць у рэальнасці. Баршчэўскаму, як нікому, удалося пакапацца ў гэтых патаемных страхах і другім жыцці, якое як бы не напаказ, якое скрытае.
Калі я пісаў “Локісаў”, я хацеў зрабіць мадэль сучаснай Беларусі, там не толькі гісторыя пра пасёлак, там гісторыя пра тое, як жыве ўся краіна. Проста я скасаваў [перанёс] яе ў маленькае мястэчка, і, у прынцыпе, [гэта] тая самая мадэль, якую можна пашырыць на ўсю краіну. І той жа чалавек, які жыве ў страху і не ведае суседа, і не ведае, хто ёсць Локіс, а ці ёсць ён увогуле?
— Ганна Севярынец казала, што, каб з’явілася пераасэнсаванне падзей 2020 года ў вялікай форме мастацкіх твораў, трэба пачакаць гадоў 30. Ці давядзецца так доўга чакаць?
— Тут няма нічога дзіўнага, бо раман заўсёды такая вялікая форма, яна інертная, яе не напішаш ні за тыдзень, ні за месяц, ну, можа, за два, але гэта будзе сыры… Каб яе зрабіць, гэта трэба паўгода, а лепш год. І ведаеце, таму што паэзія і музыка рэагуе на падзеі ў краіне шмат аператыўней і вастрэй, гэта абсалютна аб'ектыўна.
Што тычыцца рамана, то ён з'явіцца. Мы зараз перажываем вельмі востры, вельмі драматычны перыяд у нашай гісторыі, і, безумоўна, там, дзе драма, дзе ёсць вялікая эмоцыя, там заўсёды літаратура.
Яна будзе абавязкова гэтым займацца, у гэтым капацца, гэта вывучаць. Проста пачакайце, яшчэ прайшло не так шмат часу, яны з'явяцца, гэтыя тэксты і гэтыя раманы. І не праз 30 гадоў, а нашмат раней. Проста раман — гэта вялікі праект, вялікі па часе, па энергазатратах, ён не пішацца за некалькі дзён. Але ўсё гэта будзе, безумоўна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.