Сваякі ахвяр катастрофы "Боінга" над Данбасам падалі ў суд на Расію

Сваякі ахвяр катастрофы "Боінга" над Данбасам падалі ў суд на Расію

У Еўрапейскі суд па правах чалавека падалі пазоў сваякі 55 загінулых пры крушэнні самалёта "Малайзійскіх авіяліній" MH17 у 2014 годзе над Данбасам. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на нідэрландскія СМІ. 

Праз паўгода пасля афіцыйнага паведамлення міжнародный следчай групы пра датычнасць Расіі да крушэння "Боінга" сваякі загінулых запатрабавалі ад Масквы прызнацца ў злачынстве і не замінаць расследаванню.

Раней ў 2016 годзе сваякі ахвяр з Аўстраліі, Малайзіі і Новай Зеландыі падалі ў суд на расіяніна і былога "міністра абароны" так званай "ДНР" Ігара Стралкова (Гіркіна). Яны абвінавацілі Стралкова ў арганізацыі пуску ракеты па пасажырскім самалёце. У пазове гаварылася, што ён або асабіста кіраваў тымі, хто выпусціў ракету, або "спусціў зверху" такі загад. На думку сваякоў загінулых, Стралкоў удзельнічаў у канфлікце ва Украіне "з дабраславення Крамля", прычым гэта адбывалася і ў той час, калі сепаратысты збілі самалёт. Яны запатрабавалі ад Гіркіна кампенсацыі ў 900 мільёнаў долараў.

"Боінг-777", які ляцеў рэйсам MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў збіты 17 ліпеня 2014 года над Данбасам. У авіякатастрофе загінулі 298 чалавек, больш за дзвесце з іх былі грамадзянамі Нідэрландаў, таксама ў самалёце знаходзіліся грамадзяне Малайзіі, Аўстраліі ды іншых краін.

У міжнародную следчую групу, якая чатыры гады расследуе гэтую трагедыю, уваходзяць прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Малайзіі, Нідэрландаў і Украіны. Следчыя прыйшлі да высновы, што самалёт быў збіты расійскай ракетай з зенітна-ракетнага комплекса "Бук", які належаў 53-й зенітна-ракетнай брыгадзе Узброеных сіл РФ, дыслакаванай у Курску. Устаноўка была перакінутая з Расіі на тэрыторыю сепаратыстаў, непадкантрольную Кіеву.

Расія адмаўляе сваю датычнасць да крушэння самалёта. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі