Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд Раману Пратасевічу
Раман Пратасевіч / sb.by
Святлана Ціханоўская пракаментавала абвешчаны 3 траўня ў Мінску прысуд Раману Пратасевічу — 8 гадоў калоніі. "Гэты прысуд — гэта яшчэ і праверка для ўсіх нас, — піша Ціханоўская. — Бо каштоўнасці, на якіх будуецца дэмакратычны рух, такія: ніхто не павінен быць асуджаны па палітычных матывах, ніхто не павінен праходзіць праз катаванні, нічыё жыццё не павінна быць прадметам гандлю. Таму сёння я прашу кожнага беларуса і кожную беларуску: паглядзіце на сябе, ці засталіся вы верныя сваім каштоўнасцям? Бо без іх мы рызыкуем стаць падобнымі да помслівага, бесчалавечнага рэжыму. Я прашу вас, заставайцеся людзьмі".
Святлана Ціханоўская падкрэслівае, што дэмакратычныя сілы выступаюць "не за помсту, а за справядлівасць". І калі злачынцы трапяць пад суд, то ён у Беларусі будзе "незалежны і прафесійны".
"А на гэты і любы іншы прысуд можна адказаць толькі адно: усе беларусы, якія пераследуюцца па палітычна матываваных справах, павінны выйсці на волю, — працягвае Ціханоўская. — З многімі з іх у нас няма сувязі некалькі месяцаў. Ад нас усё яшчэ хаваюць інфармацыю пра стан Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і сотняў іншых палітвязняў. Да кожнага з іх павінны дапусціць адвакатаў і сваякоў. Свабоду кожнаму і кожнай".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.