Сядзенне на парахавой бочцы. Чакаем у Беларусі курс долара па 3,2 рублі?

Курс даляра расце, але эксперт кажа, што ўсё можа непрадказальна змяніцца / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Курс даляра расце, але эксперт кажа, што ўсё можа непрадказальна змяніцца / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Расійскі рубель апошнія дні слабее, паволі абясцэньваецца і беларускі рубель. На біржавых таргах 29 чэрвеня долар устанавіўся на рэкорднай за апошнія паўтара гады лічбе – 3,03 беларускіх рублі. Што гэта ўсё значыць і чаго чакаць? Пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла з эканамістам даследчыцкага цэнтру BEROC Дзмітрыем Круком.

Першае, што важна – беларускі рубель і расійскі сапраўды ўзаемазалежныя.

– Мы з пэўным спазненнем і невялічкімі адхіленнямі паўтараем траекторыю расійскага рубля. Гэта звязана з тым, што Расія наш асноўны рынак збыту, – кажа Дзмітрый Крук. – Там са снежня мінулага года сфармаваўся ўстойлівы трэнд на абясцэненне расійскага рубля да долара, да еўра. І гэта адлюстроўвае пагаршэнне для Расіі знешнегандлёвай пазіцыі ў выніку прымянення санкцый і зніжэння цэн на энерганосьбіты.  

Але паўплывалі на расійскую валюту і апошнія палітычныя падзеі – няўдалы ваенны мяцеж, калі байцы прыватнай вайсковай кампаніі “Вагнер” захапілі Растоў і пагражалі маршам на Маскву.

– Безумоўна, гэтыя падзеі, звязаныя з Прыгожыным, павялічваюць няпэўнасць, нервовыя настроі ў Расіі. Фінансавыя рынкі - частка грамадства, і на іх таксама адлюстроўваюцца пануючыя настроі - што не зусім зразумела, як будуць развівацца сітуацыя, ці будзе палітычны складнік неяк праяўляцца ў эканамічнай плыні, - кажа эканаміст.

Але гэта даволі стандартная сітуацыя, заўважае эксперт. То-бок так звычайна і бывае, што эканоміка рэагуе на палітычныя выбухі.  

– Калі працягу гісторыі не будзе, то з большай верагоднасцю я б сказаў, што гэты чыннік на працягу тыдня-двух запаволіцца і, магчыма, зусім сыдзе, – мяркуе Дзмітрый Крук.

Курс долара ў Расіі эканаміст прагназуе ў дыяпазоне 87-90 рублёў. Што ж у Беларусі? Беларускі рубель таксама абясцэньваецца, але Нацбанк гэты працэс запавольвае. А ў адносінах да расійскага рубля беларускі наадварот умацоўваецца. А гэта ўжо праблема для перспектыў канкурэнтаздольнасці на расійскім рынку для беларускіх экспарцёраў. 

– Для беларускага рубля ёсць істотная якаснае змяненне сітуацыі, і ў значнай ступені яно ўжо адлюстраванае ў бягучых узроўнях курсаў. Пэўнае, дзесьці на 5%, абясцэньванне я б лічыў у бліжэйшыя некалькі тыдняў-месяц вельмі верагодным. Ваганне ў адносінах да долара 2,95 – 3,2 мне падаецца для беларускага рубля - самы верагодны варыянт, - прагназуе Дзмітрый Крук.

Але гэта кароткатэрміновая перспектыва. Што будзе далей, прадказаць складана.

– Тая сітуацыя, што ёсць – я маю на ўвазе вайну, санкцыі і ўсё астатняе – гэта сядзенне на парахавой бочцы, якая можа, як прыгожынская гісторыя прадэманстравала, рвануць у любы момант. Тое, што нам падаецца аргументаваным і лагічным сёння, можа кардынальна змяніцца і стаць неактуальным літаральна заўтра. То-бок маё бачанне для беларускага рубля пры нейкіх новых успышках гэтай парахавой бочкі можа стаць неактуальным, – тлумачыць эканаміст.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі