Сяргей Гайдукевіч назбіраў ужо 88 тысяч подпісаў
Аб гэтым 7 жніўня паведаміла прэс-служба Ліберальна-Дэмакратычнай партыі.
У падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты старшыні ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча сабрана 88 тысяч подпісаў. "Збор ідзе па графіку, ужо пачалі здаваць сабраныя подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі", — паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу партыі.
Збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты пачаўся 23 ліпеня і будзе доўжыцца па 21 жніўня ўключна. Для рэгістрацыі кандыдата ініцыятыўнай групе трэба сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. У склад ініцыятыўнай групы Гайдукевіча ўваходзіць 2400 чалавек.
На дадзены момант неабходную для рэгістрацыі колькасць подпісаў сабрала толькі ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі. Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаныя на 11 кастрычніка.