Сыцін: Перамовы ў Мінску — перадумовы актывізацыі ваеннага абвастрэння
Ці ёсць сэнс у новых перамовах па сітуацыі на Данбасе ў сталіцы Беларусі, калі папярэднія рашэнні не выконваюцца, высвятляе Еўрарадыё.
Спробы знайсці палітычнае рашэнне “ўкраінскага канфлікту” з дапамогай “мінскай пляцоўкі” працягнуцца. Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы пройдзе ў бліжэйшы час. “Цягам бліжэйшых 10 дзён”, — удакладняе афіцыйны прадстаўнік самаабвешчанай “ДНР”, так званы “віцэ-спікер Народнага Савету” Дзяніс Пушылін.
Нагадаю, гаворка пра правядзенне бліжэйшым часам у Мінску пасяджэння кантактнай групы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне адбылася ў беларускім МЗС па ініцыятыве краін “тройкі” АБСЕ – Швейцарыі, Сербіі і Нямеччыны. На думку ўкраінскага палітолага Дзмітрыя Левуся, гэта не выпадковасць.
Дзмітрый Левусь: “Склад удзельнікаў гэтай сустрэчы падаецца выпадковым толькі на першы погляд. Як вядома, Сербія зараз старшынюе ў АБСЕ, Нямеччына – бярэ актыўны ўдзел у перамоўным працэсе (перамовы ў “Нармандскім фармаце”, якія прайшлі ў Мінску 12 лютага і ў якіх бралі ўдзел канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнты Францыі, Украіны і Расіі Франсуа Аланд, Пётр Парашэнка і Уладзімір Пуцін – Еўрарадыё). Швейцарыя ад пачатку выступала “майданчыкам” перамоў. Увогуле, мы назіраем за фармаваннем новага, больш эфектыўнага фармату перамоў. таму, любыя сустрэчы не з’яўляюцца лішнімі, а наадварот – актывізуюцца і з’яўляюцца лагічнымі”.
Дзмітрый Левусь
Але ці ёсць сэнс у такіх сустрэчах, калі нават рашэнні, прынятыя лідарамі Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расіі падчас сустрэчы ў Мінску ў “Нармандскім фармаце”, не выконваюцца? Не адбылося нават поўнага спынення агню, што прадугледжваецца першым пунктам пагаднення.
Украінскі палітолаг Віталь Портнікаў раіць не параўноўваць сустрэчу ў “Нармандскім фармаце” з пасяджэннямі трохбаковай Кантактнай групы.
Віталь Портнікаў: “Нармандскі фармат — гэта фармат не ўрэгулявання, а замірэння. Таму, працяг сустрэч у гэтым фармаце на фоне жадання Захаду і Украіны пазбегнуць вялікай вайны, уяўляецца мне лагічным”.
Віталь Портнікаў
Хаця б таму, кажа Портнікаў, што пытанне эфектыўнасці выканання прынятых рашэнняў знаходзіцца па-за дужкамі “Нармандскага фармату” ў адрозненне ад фармату “трохбаковай кантактнай групы”.
Украінскага палітолага падтрымлівае расійскі палітычны аглядальнік “Эксперт-online” Геворг Мірзаян. Праўда, не забывае адзначаць расійскае бачанне вінаватага ў канфлікце. Ну, як жа без “кіеўскай хунты”!
Геворг Мірзаян: “Размаўляць заўжды трэба. І мірны працэс павінен працягвацца. Гэта лепш, чым страляць, асабліва з улікам таго, што аднаўленне Кіевам вайны на Данбасе ўсё яшчэ можа пры пэўных умовах выліцца ў халодную вайну ці нават у агульнаеўрапейскі канфлікт. Такі расклад не патрэбны ні Расіі, ні ЗША, ні ЕС. Па-другое, незалежна ад таго, працягне Парашэнка зрываць “мінскія пагадненні” ці не, сам факт правядзення перамоўнага працэсу ў Мінску выгадны Беларусі, бо падвышае яе статус”.
Геворг Мірзаян
Ага, асабліва ён карысны для падвышэння гэтага статусу на фоне блізкіх прэзідэнцкіх выбараў, жадання афіцыйнага Мінска наладзіць адносіны з Захадам і складанасцяў у беларускай эканоміцы.
Хто ж не хоча міра, задае рытарычнае пытанне дэпутат Вярхоўнай Рады Барыслаў Берэза. Вось толькі ключы ад яго знаходзяцца ў Крамлі, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё:
Барыслаў Берэза: “Сэнс у сустрэчы Кантактнай групы будзе, калі гэта дапаможа зберагчы жыцці ўкраінцаў і якасна зменіць сітуацыю на ўсходзе Украіны. Але без палітычнай волі Расіі, без спынення фінансавання Крамлём сепаратыстаў і без вываду расійскіх акупацыйных войскаў з Данбаса мір ва Украіне не наступіць. Кантактная група — гэта хутчэй прагаворванне ўзаемных дамоўленасцяў, чым дзейсная сіла. Рашэння з боку баявікоў прымаюцца ў Крамлі”.
Барыслаў Бярэза
А рашэнні па “ўкраінскім канфлікце” ў Крамлі прынятыя зусім не на карысць яго мірнага ўрэгулявання, упэўнены расійскі палітолаг Аляксандр Сыцін.
Аляксандр Сыцін: “Я цалкам упэўнены ў тым, што праблема ўсходу Украіны не мае палітыка-дыпламатычнага рашэння. Прынамсі, у зададзеных дужках палітычных каардынатаў і ў фармаце сённяшняй расійскай дзяржаўнай сістэмы. Мяркую, што штучная актывізацыя перамоўнага працэсу з’яўляецца перадумоваў актывізацыі ваеннага абвастрэння. Тым не менш, Захад упарта робіць усё, каб прадэманстраваць высілкі па палітычным урэгуляванні”.
Аляксандр Сыцін
Асаблівую ўвагу суразмоўца Еўрарадыё звяртае на “беларускі бок” такіх сустрэч.
Аляксандр Сыцін: “Рэспубліка выступае ўдзельнікам перамоўнага працэсу, што, безумоўна, падвышае яе суб’ектнасць у міжнародных еўрапейскіх справах. З іншага боку, мы бачым пастаянныя спробы знайсці кропкі сутыкнення і кампрамісу з расійскім рэжымам. Што абумоўлена імкненнем захаваць рынкі збыту і пастаўкі энерганосьбітаў. Але ўся бяда ў тым, што Масква такія дэмаршы Мінска ўспрымае з пункту гледжання ўласнай імперскай ідэалогіі — як гатоўнасць да поўнай еўразійскай інтэграцыі, ажно да адмовы ад суверэнітэту. Нічога іншага ў Крамлі бачыць і заўважаць не здольныя. Маўляў, беларусы — гэта адзін народ з рускімі, частка “рускага свету”.
На думку Аляксандра Сыціна, “любыя спробы выступіць пасярэднікам паміж Масквой, Кіевам і Вашынгтонам-Бруселем для Мінска будуць правальнымі і пагражаюць у будучым сур’ёзнымі рэпутацыйнымі стратамі напярэдадні будучай непазбежнай еўрапейскай інтэграцыі Беларусі”.
Фота: Змітра Лукашука, з архіву Аляксандра Сыціна, Віталя Портнікава, Дзмітрыя Левуся, Геворга Мірзаяна, uapress.info