Сёння завяршаецца набор студэнтаў у Польшчу па праграме Каліноўскага

1 жніўня ў Беларусі завяршаюцца гутаркі з кандыдатамі на вучобу ў Польшчы па праграме Каліноўскага.
Як паведаміла каардынатар камітэта абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць" Эла Гарэцкая, польскае бюро праграмы вынясе канчатковае рашэнне адносна кандыдатур абітурыентаў пасля 6 жніўня.

Усяго ў польскія ВНУ плануецца прыняць да 70 чалавек, у прыватнасці тых, хто зведаў пераслед з боку беларускіх уладаў па палітычных матывах.

У адпаведнасці з умовамі праграмы, на вучобу прымаюцца таксама дзеці рэпрэсаваных. Выбар ВНУ будзе даваць польскі бок — гэта і гуманітарныя і тэхнічныя навучальныя ўстановы: універсітэты ў Кракаве, Беластоку, Лодзі, Познані, Варшаўская політэхніка, школа выяўленчых мастацтваў і гандлёвая школа ў Варшаве.

Навучанне ў Польшчы пачнецца ў верасні, пасля таго як адабраныя студэнты праслухаюць курсы польскай мовы.

БелаПАН