Топ-5 навінаў тыдня
У Нацыянальнай акадэміі навук спадзяюцца, што ў Беларусі пабудуюць яшчэ адну АЭС
Беларуская АЭС, якую будуюць у Астравецкім раёне, можа стаць не апошняй атамнай станцыяй у Беларусі. Пра гэта заявіў старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, акадэмік Уладзімір Гусакоў.
Па яго словах, да 2030 года у Беларусі могуць з’явіцца яшчэ новыя атамныя станцыі. Акадэмік адзначыў, што нашай краіне неабходна нарошчваць энергетыку, калі мы ставім задачу павялічыць ВУП і павысіць узровень жыцця насельніцтва.
24 студзеня ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы прайшлі слуханні па сітуацыі ў Беларусі. Адкрываў пасяджэнне ў Страсбургу спецыяльны дакладчык па нашай краіне Андрэа Рыгоні.
Эксперт звярнуў увагу на “мірны характар” апошніх парламенцкіх выбараў у Беларусі і нагадаў пра з’яўленне ў беларускім парламенце дзвюх дэмакратычных дэпутатак. Таксама Андрэа Рыгоні заявіў пра неабходнасць увядзення ў нашай краіне мараторыя на смяротнае пакаранне і зменаў у выбарчае заканадаўства.
25 студзеня аўтамабіль лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча забралі судовыя выканаўцы. Прычына ў тым, што апазіцыянер не заплаціў накладзеныя на яго штрафы за вулічныя акцыі.
Машыну Дашкевіча ацанілі ў 12 тысяч рублёў, а нясплачаныя Дашкевічам штрафы ў 10 тысяч.
У Аддзеле прымусовага выканання Першамайскага раёна распавядаюць, што актывіст мае 10 дзён, каб вярнуць свой аўтамабіль. Калі ён гэтага не зробіць, то страціць машыну назаўсёды.
На гэтым тыдні ў Мінску затрымалі буйнога беларускага бізнесоўца Аляксандра Кныровіча. Ён з’яўляецца заснавальнікам групы кампаній «Сармат-СТІ, але ў апошнія гады быў больш вядомы як «бізнес-анёл», які інвеставаў у стартапы.
Затрыманне вядомага бізнесмена пракаментаваў нават Аляксандр Лукашэнка. Па словах кіраўніка Беларусі, акрамя самога прадпрымальніка па яго справе арыштавалі яшчэ 10 чалавек.
Пераможцы сёлетняга нацыянальнага адбору на Еўрабачанне-2017 гурт Naviband будзе самастойна шукаць грошы на паездку на музычны конкурс у Кіеў.
Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка запэўніваюць, што яны не збіраюцца перакладаць сваю конкурсную песню на англійскую мову. Музыкі абяцаюць "узяць" публіку сваёй натуральнасцю і разважаюць пра магчымыя трэнды сёлетняга конкурсу.