У Беларусі адкрылі дэпазіты на сямейны капітал на 115 млн долараў
У Беларусі на канец 2015 года адкрылі дэпазіты на сямейны капітал больш за 11,5 тысячы чалавек. Пра гэта 10 студзеня ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Атрымліваецца, што дэпазіты адкрытыя на больш за 115 млн долараў.
Cямейны капітал, новы від доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем'яў, у Беларусі быў уведзены з 1 студзеня 2015 года. Пры нараджэнні трэцяга ці наступнага дзіцяці грамадзянка нашай краіны атрымлівае безнаяўныя 10 тысяч долараў. Іх можна выкарыстаць на паляпшэнне жыллёвых умоваў, атрыманне адукацыі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя. Праграма будзе дзейнічаць да 31 снежня 2019 года. Рэалізаваць права на прызначэнне сямейнага капіталу можна толькі адзін раз.
Фота: Fotolia