У Беларусі ікра таннее, а памідоры даражэюць — чаму так адбываецца?
Паглядзелі, што з цэнамі
Чыноўнікі рапартуюць пра нібыта невысокую інфляцыю: маўляў, цэны ў Беларусі растуць павольна. Паводле звестак Белстата, у снежні 2023-га прадукты харчавання і безалкагольныя напоі падаражэлі толькі на 4,86% у параўнанні са снежнем 2022-га. Але любы, хто ходзіць у крамы па прадукты, з гэтай статыстыкай можа паспрачацца, бо многія тавары павялічыліся ў кошце ледзь не напалову за год.
І гэта паказваюць нават афіцыйныя лічбы — тыя, што чыноўнікі не агучваюць так голасна. Еўрарадыё вывучыла звесткі Белстата і выявіла, што інфляцыю ўніз цягнуць грэчка і... ікра. Затое прыкметна даражэюць яблыкі і памідоры. Высвятляем, чаму так атрымалася.
Што патаннела?
Спачатку паглядзім, што патаннела. Напрыклад, крыху ўпалі ў цане гарбата і кава — мінус 5,85% і 5,66% адпаведна.
У 2023-м таксама патаннелі крупы і бабовыя культуры, агульнае падзенне цэн у катэгорыі склала 4,28%. Але больш за ўсё ў параўнанні са снежнем 2022 года цэны знізіліся на грэчку — больш чым на 21%.
Даступнейшымі ў 2023-м сталі і макароны — яны патаннелі на 5,82%. А яшчэ, як ні дзіўна, стала танней... ікра ласосевых рыб. У параўнанні са снежнем 2022-га яна патаннела амаль на 10 працэнтаў.
Што падаражэла (спіс значна большы)
На большасць прадуктаў, няцяжка здагадацца, цэны падраслі. Напрыклад, мяса і мясапрадукты падаражэлі на 3,21%, рыба — на 1,21%, рост цэн на малочныя прадукты склаў 5,62%.
Але што асабліва прыцягнула ўвагу — дык гэта рост цэн на гародніну і садавіну, яны падаражэлі на 18,53% за год!
Напрыклад, гародніна падаражэла на 27%, у тым ліку капуста на 53%, цыбуля — на 16%, часнок — на 48%, а памідоры амаль на 50%! Пры тым, што ўся гэтая гародніна расце і ў Беларусі, а ўлады любяць казаць пра поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.