У Беларусі перабоі з вакцынацыяй ад COVID-19, хоць колькасць заражэнняў расце

"Прышчапляцца трэба было, пакуль вакцына была"

"Прышчапляцца трэба было, пакуль вакцына была" / unsplash.com

Хацела прышчапіцца ад "кароны", а ў паліклініцы сказалі — "не прышчапляем, таму што няма вакцыны". Гэта наогул нармальна? Так па ўсёй краіне?

У Беларусі сапраўды перабоі з вакцынацыяй ад COVID-19. У адных паліклініках апошні раз вакцынавалі ў сакавіку, у іншых — ахвочых просяць паспяшацца, таму што засталося ўсяго некалькі доз. У многіх медустановах не прышчапляюць, таму што вакцын няма і калі яны з'явяцца — невядома.

Пра ўсё гэта журналістцы Еўрарадыё расказалі ў беларускіх установах аховы здароўя, у якія яна звярнулася, назваўшыся пацыенткай.

І, калі шчыра, была шакаваная сітуацыяй.

 

Гродна — "калі з'явіцца, невядома"

У гарадской паліклініцы №7 горада Гродна кажуць, што вакцынавацца можна.

У нас прышчапляюць расійскай вакцынай "Спутнік Лайт", яшчэ той, якой прышчаплялі ў 2021-2022 гадах. Таксама вывучаем попыт на вакцыну з абноўленым штамам з абаронай ад амікрона [штам "амікрон" пераважае з канца 2021 года. — Еўрарадыё]. Яе ў нас няма. Калі з'явіцца і ці з'явіцца наогул, пакуль не ведаем. Калі цікавіць, можам запісаць вас у ліст чакання і потым патэлефанаваць.

Цяпер людзі прыходзяць і вакцынуюцца той вакцынай, якая ёсць. Вядома, варта так рабіць. Невядома, прыйдзе новая ці не, а абараняцца трэба.

Кітайскай вакцыны больш няма ні ў каго і не будзе — гэта была гуманітарная дапамога. Так што пакуль — толькі расійская.

— Я ўдакладняла ў загадчыцы. Яна кажа, што пакуль што мы прышчэпкі не робім. Калі будуць рабіць, яна не ўдакладняе. Магчыма, проста няма вакцыны, — расказваюць у рэгістратуры 6-й паліклінікі.

У паліклініцы №4 папярэджваюць: "Прышчэпка — гэта ваша асабістая справа, але што тычыцца таго, хварэюць людзі ці не... колькасць хворых павялічваецца з кожным днём".

Ад Covid-19 тут прышчапляюць усё той жа вакцынай "Спутнік Лайт".

В Беларуси перебои с вакцинами от COVID-19, хотя число заражений растёт
Не забывайце мыць рукі / unsplash.com

Гомель "засталося толькі пяць доз"

У інфекцыйным кабінеце Гомельскай паліклінікі2 кажуць, што людзей, якія хварэюць на розныя вірусныя інфекцыі, шмат — "сёлета сезон пачаўся раней". Ёсць тыя, у якіх COVID-19, але пакуль вакцын няма ні ад яго, ні ад грыпу. Старыя вакцыны скончыліся.

В Беларуси перебои с вакцинами от COVID-19, хотя число заражений растёт
Прышчэпка гэта вельмі важна / unsplash.com

Мінск"пакуль яшчэ ёсць"

— Кажуць, што пакуль яшчэ ёсць вакцына "Спутнік Лайт", — адказваюць у рэгістратуры 12-й паліклінікі Мінска. — Прыходзьце ў "даведку", вам скажуць, у які кабінет падысці. Лекар правярае тэмпературу, ціск — глядзіць ваш агульны стан і дае дазвол. Усё, як і раней. Колькі засталося прэпарата, не ведаю.

У 25-й паліклініцы сталіцы таксама вакцынуюць, і таксама — толькі "пакуль яшчэ".

Вакцына "Спутнік Лайт" пакуль ёсць, але можа і скончыцца, — папярэджваюць у рэгістратуры. — Так што, тэлефануйце, як надумаеце, запісвайцеся да памочніка лекара і вакцынуйцеся.

 

Брэст"вакцына, якая ў нас ёсць, ужо не працуе"

У рэгістратуры паліклінікі №1 горада Брэста кажуць, што вакцына ёсць і можна прышчапляцца.

Каб даведацца падрабязнасці, тэлефануем у інфекцыйны кабінет, дзе... раяць не спяшацца.

Давайце пачакаем. Мы павінны атрымаць новую вакцыну, якая будзе актуальнай. Як толькі атрымаем — прышчэпіцеся. Можам запісаць вас у журнал планавання.

— Што гэта будзе за вакцына?

Мы не ведаем канкрэтна. Нам на семінары гэтага не агучвалі, але мы чакаем. Вакцына, якая ў нас ёсць, ужо не працуе на гэты вірус. Гэта "Спутнік Лайт". Новая вакцына будзе са штамам амікрон, а ў той, якая ёсць, гэтага штаму няма.

— Вы лічыце прышчапляцца старой вакцынай бескарысна?

Лепш пачакаць. Тэлефануйце на наступным тыдні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі