У Беларусі збіраюцца ўзмацніць кантроль над экскурсаводамі
Дзецям расказваюць пра генацыд
У Беларусі збіраюцца ўзмацніць кантроль над экскурсаводамі і гідамі-перакладчыкамі. Міністэрства спорту і турызму прапануе абнавіць патрабаванні па іх атэстацыі. Праект пастановы Саўміна ўжо падрыхтаваны і вынесены на грамадскае абмеркаванне. З аднаго боку ён "накіраваны на павышэнне якасці экскурсійнага абслугоўвання", а з іншага — на "ўзмацненне адказнасці" экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, якія пасля шматлікіх праверак атрымалі дазвол на працу. Яны будуць "абавязаныя праяўляць павагу да гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці, таксама як фарміраваць уяўленне пра Рэспубліку Беларусь як пра краіну, прывабную для турыстаў і экскурсантаў, не дапускаючы суб'ектыўных некарэктных выказванняў пра краіну".
Прапануецца правяраць кандыдатаў у экскурсаводы і гіды-перакладчыкі на тое, ці маюць яны адносіны да "рэабілітацыі нацызму" і "адмаўлення генацыду беларускага народа". "У мэтах недапушчэння скажэння фактаў гісторыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны", — гаворыцца ў падрыхтаваным тлумачэнні ідэолагаў. За выяўленыя "парушэнні" могуць адхіліць ад згаданай працы на 5 гадоў.
Пра тое, што ў працы экскурсаводаў будзе "наведзены элементарны і выразны парадак", восенню 2022-га заявіў кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. У выніку да атэстацыі не дапусцілі тых грамадзян, якія траплялі пад суд па "пратэсных" і "палітычных" артыкулах. У 2023-м Міністэрства спорту і турызму Беларусі прыняло пастанову, якой устаноўлены "прафесійныя і этычныя патрабаванні" да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Сярод іх ёсць і "праява павагі да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь". Адначасова экскурсаводы не павінны дапускаць "з боку турыстаў, экскурсантаў" і іншых асоб некарэктных "выказванняў або дзеянняў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.