Ад экскурсаводаў у Беларусі патрабуюць паважаць чырвона-зялёны сцяг
У працы экскурсаводаў "наводзяць парадак" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Міністэрства спорту і турызму Беларусі прыняло пастанову, якой устаноўлены "прафесійныя і этычныя патрабаванні" да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Сярод іх ёсць і "праява павагі да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь", і "недапушчэнне пры правядзенні экскурсій суб'ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў аб Беларусі і іншых дзяржавах".
Экскурсаводы, гіды-перакладчыкі абавязаныя не дапускаць з боку турыстаў, экскурсантаў "некарэктных, правакацыйных і іншых негатыўных выказванняў або дзеянняў". Відаць, з дапамогай міліцыі.
Восенню мінулага года кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта РБ Ігар Сергяенка заявіў, што ў працы экскурсаводаў "навядуць парадак". На той час іх ужо затрымлівалі і адпраўлялі за краты. Пазней высветлілася, што да атэстацыі ў якасці экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў не дапусцяць тых грамадзян, якія траплялі пад суд па крымінальных і адміністрацыйных справах па "пратэсных" і "палітычных" артыкулах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.