Сілавікі спачатку замовілі экскурсію, а пасля затрымалі экскурсавода
У Мінску сілавікі спачатку замовілі экскурсію, а пасля затрымалі экскурсавода. Аксана Манкевіч была асуджана ў судзе Цэнтральнага раёна на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за "непадпарадкаванне" міліцыянерам, піша тэлеграм-канал @viasnanazirae.
Манкевіч затрымалі раніцай 2 лістапада на Плошчы Свабоды. Згодна з пратаколам, экскурсавод "аказала непадпарадкаванне Аляксандровічу, адмовілася прайсці ў РУУС па факце разбіральніцтва ў падазрэнні ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў, упіралася нагамі, хапалася за форменнае абмундзіраванне". І адбылося гэта ў 15:10 на Арлоўскай вуліцы.
Аксана Манкевіч на судзе сваю віну не прызнала. Паводле яе слоў, нейкі малады чалавек замовіў ёй экскурсію для сваёй дзяўчыны. Калі а 11-й гадзіне яна прыйшла на Плошчу Свабоды, яе сустрэў толькі згаданы хлопец, які паказаў пасведчанне і павёў у ГУБАЗіК на Рэвалюцыйную вуліцу. Пакаяльнае відэа запісваць Манкевіч адмовілася. Пасля ў яе дома прайшоў ператрус. Далей яе перадалі ў Цэнтральнае РУУС.
"Там прыпаркаваліся каля тратуара, — расказвала экскурсавод. — Яны бачылі, што я адэкватна сябе вяду і нават не трымалі мяне за руку. Прайшлі спакойна разам у РУУС".
Сведка-міліцыянер на судзе блытаўся у паказаннях. Паводле яго слоў, здымка відэарэгістратарам у той дзень не вялася.
Зімой Аксана Манкевіч ужо атрымлівала 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яе затрымалі падчас экскурсіі, якую яна праводзіла. Цяпер жа вырашылі адправіць за краты паўторна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.