У Беластоку разглядалі апеляцыю “першага беларускага палітвязня ў Польшчы”
Раней раённы суд у Беластоку прысудзіў беларуса Андрэя Жукаўца да 3 гадоў зняволення.
Перад паседжаннем 30 студзеня каля будынка акруговага суда сябры “Звязу для дэмакратыі ў Беларусі” правялі акцыю ў абарону Жукаўца. Яны трымалі банэр на польскай і беларускай мове “За нашу і вашу волю”, а мінакам раздаваліся ўлёткі з інфармацыяй пра справу беларуса. Падтрымаць Жукаўца з Варшавы таксама прыехала дэпутатка польскага Сейма ад партыі “Права і Справядлівасць” Малгажата Гасеўская. У каментарах для журналістаў яна заяўляла, што сёння ёй сорамна за польскае дзяржаву ў сувязі са справай беларускага актывіста.
Само паседжанне цягнулася больш за 4 гадзіны, аднак вердыкт па апеляцыі на прысуд так і не быў вынесены. Наступнае паседжанне суда ў Беластоку пройдзе 6 лютага.
Нагадаем, што справа Андрэя Жукаўца цягнецца ўжо 14 гадоў. Прадпрымальніка, які дапамагаў "Маладому фронту" і быў вымушаны эміграваць, улады Беларусі вінавацяць у нявыплаце крэдыту. Афіцыйны Мінск дамагаецца выдачы палітуцекача на радзіму. Абарона Жукаўца неаднаразова зважала на фальсіфікацыю дакументаў, дасланых у Польшчу з Беларусі.