У Данецкай вобласці ў сепаратыстаў адбілі ўкраінскага палкоўніка міліцыі
Начальнік міліцыі ў Горлаўцы палкоўнік Андрэй Крышчанка са сваімі падначаленымі два дні трымаў абарону — на яго аддзел нападалі "апалчэнцы".
Аднак агонь на паражэнне міліцыянеры не вялі. Пералом наступіў 14 красавіка, калі ў Горлаўку прыбылі расійскія дыверсанты на чале з падпалкоўнікам — яны ачолілі штурм. У выніку, частка міліцыянераў выйшла з будынка і пагадзілася служыць пад кіраўніцтвам новага начальніка, якога прадставіў расійскі афіцэр. Больш за 10 абаронцаў атрымалі раненні, у тым ліку і агнястрэльныя. Палкоўніка Андрэя Крышчанку вывелі з будынка (на здымку) і моцна збілі.
З'явілася нават інфармацыя, што ён загінуў, але пазней яе абверг міністр унутраных спраў Арсен Авакаў. Ён прыводзіць падрабязнасці абароны. Аказваецца, Крышчанка "адстрэльваўся ад сепаратыстаў... скінуў расійскі сцяг і сепаратыста з даху ўпраўлення". Паводле Авакава, афіцэра ўдалося адбіць. Якім чынам гэта ўдалося зрабіць, міністр не паведамляе, сцвярджае, што палкоўнік "больш-менш у парадку".
Фота — AFP