У Гомелі на прыём да дэпутата ніхто не прыйшоў і не патэлефанаваў
У чаканні зваротаў дэпутат правёў некалькі гадзінаў
На прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Руслана Вягеры, які зладзілі надоечы ў Гомельскім райвыканкаме, ніхто не прыйшоў. Паралельна працавала прамая тэлефонная лінія, але і туды ніхто не патэлефанаваў. У чаканні зваротаў дэпутат правёў некалькі гадзінаў.
"Мабыць, дагэтуль з насельніцтвам была праведзеная добрая праца, і на гэты момант пытанняў няма", — выказала здагадку мясцовая раённая газета. Замест аповеду пра камунікацыю дэпутата з людзьмі журналісты апублікавалі меркаванне Вягеры пра важнасць такіх зносінаў. "Часам гэта складана: людзі бываюць замкнёныя, пытанні паступаюць размаітыя. Але гэта наша праца — разумець патрэбы чалавека", — заявіў дэпутат.
У гомельскага тг-канала @shtodzien ёсць іншае тлумачэнне, чаму на прыём ніхто не прыйшоў — "бо людзі ведаюць, што Руслан Вягера нічога не вырашае і не можа ім дапамагчы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.