У Гомельскай вобласці змяніўся лідар паводле ступені захворвання ВІЧ-інфекцыяй

Акцыя супраць СНІДу ў Гомелі ў 2023 годзе

Акцыя супраць СНІДу ў Гомелі ў 2023 годзе / @flagshtok

Светлагорскі раён, які некалькі дзесяцігоддзяў утрымліваў у Гомельскай вобласці сумнае лідарства паводле ступені распаўсюду ВІЧ-інфекцыі, саступіў першае месца Нараўлянскаму раёну. Пра гэта піша "Флагшток" са спасылкай на ліст Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Копія ліста з грыфам "для службовага карыстання" трапіла ў распараджэнне рэдакцыі.

У лісце гаворыцца, што Гомельская вобласць апошнія два гады лідзіруе паводле колькасці фіксаваных выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. На долю Гомельскай вобласці прыпадае 30% усіх выяўленых выпадкаў у краіне. Са студзеня да жніўня 2024 года ў вобласці выявілі 259 выпадкаў заражэння. Гэта на 2 менш, чым летась.

У абсалютных лічбах самым праблемным па-ранейшаму застаецца Светлагорскі раён, тут да цяперашняга часу выяўлена 4 576 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі (60 чалавек у разліку на 1000 насельніцтва). Адным з праблемных рэгіёнаў таксама лічыцца Жлобінскі раён, дзе за ўвесь час было выяўлена 1 974 выпадкаў (20 чалавек у разліку на 1000 насельніцтва).

А вось паводле паказчыка захворвання на душу насельніцтва Светлагорскі раён саступіў лідарства. Найбольшая колькасць выпадкаў у разліку на 100 тысяч насельніцтва ўжо другі год фіксуецца ў Нараўлянскім раёне — 67 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. Хоць з пачатку года тут выявілі ўсяго 7 ВІЧ-інфіцыраваных. Ранейшы "лідар", Светлагорскі раён, цяпер значна саступае паводле гэтага паказчыка. Тут з пачатку года хоць і быў выяўлены 31 выпадак, але гэта атрымліваецца 41 чалавек у разліку на 100 тысяч насельніцтва.

В Гомельской области сменился лидер по степени заболеваемости ВИЧ-инфекцией
Размеркаванне выяўленых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі паводле раёнаў Гомельскай вобласці за студзень-жнівень 2024 года / "Флагшток"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі