У Гомельскім раёне пачынаюцца вучэнні тэрытарыяльнай абароны

Тэрабарона Гомельскага раёна, студзень 2025-га

Тэрабарона Гомельскага раёна, студзень 2025-га / sozhnews.by

28 студзеня ў Гомельскім раёне пачынаюцца чарговыя вучэнні тэрытарыяльнай абароны. Мінабароны паведамляе, што яны пройдуць сумесна з інжынернымі падраздзяленнямі беларускага войска. Падобныя вучэнні раней анансаваліся ў Гомельскім раёне, калі быў аб'яўлены вучэбны збор (з 8 студзеня). Меркавалася, што ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войскаў будуць вучыць капаць акопы.

Сярод мэтаў вучэнняў — адпрацоўка ўзаемадзеянняў з падраздзяленнямі Узброеных сіл. У прыватнасці, тэрытарыяльныя войскі будуць вучыцца ўтрымліваць і прыкрываць пазіцыі з дапамогай загародаў, у тым ліку і мінна-выбуховых. Відаць, з імі правядуць заняткі па выкарыстанні беспілотнікаў, паколькі заяўлена "разведка раёнаў верагоднага знаходжання праціўніка", арганізацыі засадаў. А яшчэ адпрацуюць "забеспячэнне падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў боепрыпасамі", іх размеркаванне і захоўванне "ў раёне выканання вучэбна-баявых задач". Таксама камандзіры будуць працягваць вучыцца кіраваць сваімі падначаленымі.

Вучэнні працягнуцца да 30 студзеня, а вучэбны збор скончыцца на наступны дзень.

Тэрабарона — гэта асобны род войскаў ва Узброеных сілах Беларусі, які склікаецца толькі на час вайны або ў перыяд "напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі". Яна мае дапаможнае значэнне і складаецца з асоб, якія лічацца ў запасе. Удзельнікаў тэрабароны вучаць працы на КПП, ахове важных аб'ектаў, абароне ад дыверсантаў і г. д. 

У Гомельскім раёне пачынаюцца вучэнні тэрытарыяльнай абароны

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі