У Магілёве будуць судзіць банду рэкеціраў
Трох магілёўцаў вінавацяць у выкраданні чалавека, гвалце, катаваннях.
Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу супраць трох магілёўцаў. Іх вінавацяць у выкраданні чалавека, разбоі, гвалце і катаваннях.
Як паведамляе БелаПАН, гісторыя адбылася ў жніўні 2014 года. Ахвярай магілёўцаў стаў прадпрымальнік з Чавускага раёна. Яны перагарадзілі праезную частку з дапамогай вяроўкі. А калі мужчына спыніўся, то магілёўцы ў масках і з бітамі напалі на яго. У прадпрымальніка стрэлілі з траўматычнага пісталета, збілі яго бітамі, звязалі рукі.
Потым яны завезлі прадпрымальніка да яго дадому, забралі адтуль грошы і каштоўнасці на 184 мільёны рублёў. Самога пацярпелага яны на яго аўтамашыне вывезлі да возера ў вёсцы Хацкавічы Чавускага раёна, дзе пакінулі звязаным.
Максімальнае пакаранне, якое пагражае рэкецірам, — 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Фота — xn--29-jlc9a.xn--p1ai