У Мінскім раёне ў "народнае апалчэнне" запісалі каля 150 жанчын
Трэніроўка "народнага апалчэння"
У Мінскім раёне ў "народнае апалчэнне" запісалі больш за 1500 чалавек. Каля 10% з іх складаюць жанчыны, паведамляе pristalica.by.
Удзельнікаў "народнага апалчэння" называюць "добраахвотнікамі". Сцвярджаецца, што з імі "прадугледжаны рэгулярныя трэніровачныя лагеры, зборы, інструктажы", а таксама "сумесная праца з Мінскім РУУС". Насамрэч малаверагодна, каб трэніроўкі былі рэгулярныя і каб да іх прыцягвалі ўсіх са спісу. Тым больш, што набор працягваецца, адзначае выданне (магчыма, у рэальнасці, не на паперы, тых 1500 чалавек яшчэ і няма).
"Колькасць удзельнікаў атрадаў народнага апалчэння будзе залежаць ад колькасці значных аб'ектаў на тэрыторыі раёна і іх стратэгічнай важнасці, а таксама ці вядуцца там ваенныя дзеянні ці ён у тыле", — кажа ваенны камісар Мінскага раёна палкоўнік Дзмітрый Гадун, які ўжо думае пра будучую вайну.
Атрады "народнага апалчэння" ствараюць у Беларусі з 2022 года. У іх прымаюць толькі лаяльных рэжыму Аляксандра Лукашэнкі людзей (нярэдка былых міліцыянераў, вайскоўцаў, чыноўнікаў, паляўнічых), якім давядзецца дапамагаць міліцыі і войску ў змаганні з "дыверсантамі" і "незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі", у ахове розных аб'ектаў. Аднак, улічваючы нязначную колькасць лаяльных рэжыму грамадзян, гэтыя атрады не будуць шматлікія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.