Беларускіх паляўнічых запішуць у народнае апалчэнне
Атрад народнага апалчэння, ілюстрацыйнае фота
Пры неабходнасці чальцоў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў запішуць у народнае апалчэнне. Пра гэта заявіў старшыня арганізацыі Ігар Шуневіч, былы міністр унутраных спраў.
Шуневіч нагада, што ў паляўнічых ёсць стралковы досвед, экіпіроўка і абсталяванне (оптыка, у тым ліку начная, патроны, цеплавізары).
"І самае галоўнае, гэта чалавек, які не баіцца крыві як мінімум. Паляўнічыя, якія не будуць прызваныя на службу ў парадку, вызначаным ваенкаматамі, безумоўна, прымуць удзел у любых дзеяннях, неабходных для абароны дзяржавы. Выкарыстоўваючы і свае навыкі, і экіпіроўку, і зброю. Пра гэта таксама мы сёння гаварылі. Тут выключэнняў не будзе ніякіх", — прыводзіць яго словы газета "СБ. Беларусь сегодня".
Жаданне запісацца ў народнае апалчэнне, як заяўляе Шуневіч, выказваюць самі паляўнічыя: "Чым абараняць — ёсць. Астатняе дашліфуем".
"Народнае апалчэнне" ствараюць у Беларусі з 2022 года. Удзельнічаць у іх, як абвяшчалася, будуць толькі добраахвотнікі. Іх задачай называлася дапамога міліцыі і войску ў змаганні з "дыверсантамі" і "незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі". Міністр абароны Віктар Хрэнін у траўні абяцаў, што зброю атрымаюць толькі "свае" людзі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.