У Мінску ад каранавіруса цяпер прышчапляюць і кубінскай вакцынай
У Беларусі Soberana Plus зарэгістравалі летам 2022 года / teveo.cu
У Мінску з сённяшняга дня бустарную прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі можна зрабіць кубінскай вакцынай Soberana Plus. Прэпарат ужо прапануюць у паліклініцы № 19 (гэта ў Першамайскім раёне), расказвае агенцтва "Мінск-Навіны". Медыкі падкрэсліваюць, што вакцыну выкарыстоўваюць менавіта для бустарнай прышчэпкі — для падтрымання імунітэту пасля асноўнага курсу вакцынавання.
"Прэпарат зручны ў выкарыстанні, бо не патрабуе замарозкі", — кажа намесніца галоўнага ўрача паліклінікі Валянціна Тухто. Вытворца вакцыны сцвярджае, што "пасля прышчэпкі колькасць антыцелаў (якія нейтралізуюць каранавірус) павялічваецца да 96,5%". А яшчэ гэты прэпарат эфектыўны "супраць розных штамаў кавід-інфекцыі".
Кубінскай вакцынай можна прышчапляць праз чатыры месяцы пасля поўнага курсу вакцынацыі, а тых, хто перахварэў на COVID-19, — праз два месяцы пасля выздараўлення. Дададзім таксама, што Беларусь зарэгістравала гэты прэпарат у ліпені 2022 года. Soberana Plus зрабілася першай з пяці кубінскіх вакцын, якая была зарэгістраваная ў Еўропе.
Акрамя кубінскай вакцыны, беларусам даступныя расійскія прэпараты "Спутник V", "Спутник Лайт" і кітайскі Vero Cell карпарацыі Sinofarm.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.