У Мінску на аўкцыёне прадалі "Святую Надзею" за 160 млн (фота)
Цеплаход 1953 года выпуску мае даўжыню 20 метраў і шырыню 4.
У Мінску на аўкцыёне прадалі цеплаход "Святая Надзея" за 160 млн рублёў. Ён быў выраблены ў 1953 годзе, мае даўжыню 20 метраў і шырыню 4. На аўкцыён яго выставіў Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці.
Як інфармуе агенцтва "Мінск-навіны", цеплаход "Святая Надзея" сышоў да неназванага пакупніка па цане, вышэйшай за стартавую ў 10 разоў. Новы ўладальнік збіраецца адрамантаваць карабель (на гэта яму спатрэбяцца сотні мільёнаў рублёў) і зрабіць яго прагулачным. Дарэчы, прагулкі будуць стартаваць з прычалу каля аквапарку "Лябяжы".
Мяркуецца, што цеплаход прыме першых пасажыраў 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Фота: minsknews.by