У Мінску затрыманы лідар "Маладога фронту" Дзяніс Урбановіч
Дзяніс Урбановіч/ nn.by
У Мінску недалёка ад Камароўскага рынку, дзе 31 траўня праходзяць выбарчыя пікеты, людзьмі ў цывільным быў затрыманы лідар моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Дзяніс Урбановіч, яго месцазнаходжанне цяпер невядома. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка. Таксама, па інфармацыі праваабаронцаў, на сувязь перастала выходзіць актывістка Ірына Цап.
31 мая ў Мінску быў брутальна затрыманы Мікалай Статкевіч. Аўтамабілю, у якім апазіцыйны палітык разам з жонкай ехаў на Камароўку, прама на праезнай часткі вуліцы Маякоўскага заступіў шлях мікрааўтобус. Людзі ў цывільным вырвалі з машыны ключ запальвання і выцягнулі Статкевіча. Паводле інфармацыі "Вясны", зараз ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.
Сёння беларусы ў розных гарадах краіны становяцца каля пікетаў вылучэнкі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Такая салідарнасць выклікана затрыманнем кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы — яе мужа і папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага. ТГ-канал "Страна для жизни" паведамляе аб затрыманні каардынатараў ініцыятыўных груп Святланы Ціханоўскі па ўсёй краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.