У МЗС Швейцарыі пракаментавалі рашэнне накіраваць пасла ў Беларусь
Новы пасол Швейцарыі ў Беларусі павінна прыступіць да сваіх абавязкаў "ў бліжэйшыя тыдні"/ Reuters
Уручэнне даверчых грамат не з'яўляецца актам прызнання Аляксандра Лукашэнкі, заявілі ў МЗС Швейцарыі на просьбу пракаментаваць рашэнне накіраваць пасла ў Беларусь. Пазіцыю швейцарскіх уладаў прыводзіць польскі тэлеканал, які асвятляе беларускія падзеі.
У Берне лічаць, што ўручэнне даверчых грамат — гэта толькі неабходная працэдура, каб усталяваць адносіны паміж афіцыйным прадстаўніком краіны і дзяржавай знаходжання. Гэтага патрабуе Венская канвенцыя аб дыпламатычных адносінах.
"Для Швейцарыі было важна заставацца прадстаўленай на самым высокім узроўні ў Мінску. Такім чынам, Швейцарыя можа выканаць сваю традыцыйную і прызнаную ролю ў якасці будаўніка мастоў для міжнароднай супольнасці. Швейцарыя бярэцца за гэта з неабходнай стараннасцю і ў поўнай салідарнасці з еўрапейскімі каштоўнасцямі і прынцыпамі", — заявілі тэлеканалу ў Берне.
Там таксама падкрэслілі, што рашэнне аб накіраванні новага пасла ў Мінск было прынята пасля стараннага вывучэння многіх абставінаў. У швейцарскім МЗС кажуць, што дыпламат будзе імкнуцца данесці да беларускіх уладаў патрабаванні Швейцарыі, будзе дамагацца вызвалення ўсіх адвольна затрыманых, расследавання цяжкіх выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання, а таксама свабоды выказвання меркаванняў.
Яшчэ адно пытанне, які будзе на кантролі новага пасла — гэта лёс грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ.
"Амбасада Швейцарыі ў Мінску наведвала спадарыню Хершэ чатырнаццаць разоў, апошні візіт быў 11 студзеня 2022 года", — распавялі ў МЗС краіны.
Аб рашэнні Швейцарыі адправіць новага пасла ў Беларусь стала вядома ў канцы студзеня. Бэрн у Менску будзе прадстаўляць Крысціне Хонэгер-Залатухін.
Еўрапейскія краіны не прызналі вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і Аляксандра Лукашэнку легітымным кіраўніком. З аглядкай на гэта ў мінулым годзе дыпламаты шэрагу еўрапейскіх краін адмовіліся ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку. На цырымонію, у прыватнасці, не прыйшлі паслы Францыі, Грэцыі, Люксембурга.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.