У Парыжы на ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку галоўрэда TUT.by выклікалі паліцыю
Акцыя ў падтрымку Марыны Золатавай у Парыжы
На ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку Марыны Золатавай, якая прайшла ў Парыжы, выклікалі паліцыю. Верагодна, гэта зрабілі супрацоўнікі амбасады Беларусі ў Францыі, побач з якой і адбывалася дзея.
Акцыя, у якой удзельнічаў муж Золатавай Васіль Кішкурна, у той момант ужо была блізкая да завяршэння. Яе ўдзельнікі патлумачылі сутнасць таго, што адбываецца ў Беларусі, яшчэ і паліцыянтам, якія прыехалі на выклік. Праваахоўнікі абмежаваліся праверкай дакументаў у арганізатараў.
6 лістапада галоўнай рэдактарцы TUT.by споўнілася 46 гадоў. З гэтай нагоды журналісты і праваабаронцы ў Парыжы, Лондане, Берліне, Берне, Стакгольме, Вене і Вашынгтоне накіравалі сотні паведамленняў у яе падтрымку ў беларускія амбасады. Гэта ўсё арганізавалі "Рэпарцёры без межаў". Па іх падліках, у Беларусі за краты кінутыя 36 супрацоўнікаў медыяў.
Марына Золатава ў зняволенні з 18 траўня 2021 года. Гэта ўжо трэці дзень нараджэння, які яна сустракае за кратамі. Сёлета журналістка разам з дырэктаркай партала Людмілай Чэкінай была пакараная 12-цю гадамі пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.