У першым раўндзе US Open Вікторыя Азаранка згуляе з Люсі Градзецкай

27 жніўня ў Нью-Ёрку прайшло лёсаванне асноўнага этапу адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе. Гэта заключны ў сезоне турнір серыі "Вялікага шлема".

Найлепшая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка ў стартавым паядынку сустрэнецца з чэшкай Люсі Градзецкай, перадае БЕЛТА. Яшчэ адна беларуска Вольга Гаварцова ў першым крузе будзе сапернічаць з румынскай тэнісісткай Ірынай-Камеліяй Бегу.

За права змагацца ў асноўнай сетцы спаборнічае таксама наша суайчынніца Аляксандра Сасновіч. Сёння яна перамагла іспанку Паўлу Бадосу-Гіберт (2:6, 6:3, 6:1). Цяпер яе чакае сустрэча з японкай Місай Эгуці.

У мужчын за выхад у асноўны этап змагаецца толькі адзін беларус — Уладзімір Ігнацік. У першым крузе кваліфікацыі     ён выйграў у двух сэтах у кітайскага тэнісіста Джэйсана Юнга — 6:1, 7:5. Наступным яго канкурэнтам будзе расіянін Яўген Данской.

Стартавыя матчы асноўнай сеткі пройдуць 31 жніўня, а фінішуе турнір 13 верасня. Агульны прызавы фонд адкрытага чэмпіянату ЗША сёлета складзе 42,3 млн долараў. Пераможцы ў мужчынскім і жаночым адзіночных разрадах атрымаюць па 3,3 млн долараў. Узнагарода за выхад у фінал складзе 1,6 млн долараў. У парных разрадах чэмпіёны заробяць па 570 тысяч долараў, а фіналісты — па 275 тысяч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі