У Швейцарыі сустрэліся Юрый Гараўскі і дачка генерала Захаранкі

У Швейцарыі сустрэліся Юрый Гараўскі і дачка генерала Захаранкі

У Швейцарыі сустрэліся былы баец Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войск МУС Беларусі 41-гадовы Юрый Гараўскі і дачка зніклага ў траўні 1999-га генерала Юрыя Захаранкі Алена, паведамляе "Deutsche Welle". "Я ніколі не думала, што я сустрэну саўдзельніка забойства майго бацькі", — кажа 44-гадовая Алена Захаранка.

Гараўскі з'ехаў за мяжу восенню 2018-га. У канцы мінулага года DW падрыхтавалі дакументальны фільм, зняты паводле яго прызнанняў ва ўдзеле ў "эскадроне смерці" ў Беларусі ў 1999 годзе. Былы спецназавец сцвярджае, што ў складзе групы ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Ён папрасіў прытулку ў Швейцарыі.

Алена Захаранка рашылася на сустрэчу з Юрыем Гараўскім, каб даведацца дэталі забойства бацькі. Яна кажа, што хацела паглядзець у вочы былому спецназаўцу, каб даведацца, ці гаворыць ён праўду.

"Мы доўгі час думалі, што бацьку забівалі марудна, расчляняючы яго, — расказвае Захаранка. — Гэта было невыносна. Мне трэба ведаць, што гэта адбылося хутка. Я хоць неяк супакою сваю душу".

Гараўскі на сустрэчу пагадзіўся не адразу, баяўся, што дачка Захаранкі "накінецца, пачне абвінавачваць". Яны размаўлялі ў офісе газеты "Neue Zürcher Zeitung" у прысутнасці журналістаў. Былы баец спецназу паставіў умову, каб Алена Захаранка трымала рукі на стале — баяўся замаху.

Гараўскі пераказаў гісторыю выкрадання і забойства Юрыя Захаранкі. Дачка генерала задавала пытанні і ўважліва слухала. За час размовы яна ні разу не заплакала, адзначае "Deutsche Wellе".

Юрый Гараўскі адмаўляў, што Юрыя Захаранку катавалі: "Што мы павінны былі даведацца?" "У яго, напэўна, быў нейкі кампрамат [на Лукашэнку]", — кажа дачка генерала. "Яго паклалі тварам уніз, — расказваў Гараўскі. — Яму стралялі ў спіну..."

Размова працягвалася дзве гадзіны. Алена Захаранка задавала пытанні, правярала, ці ведае Юрый Гараўскі пэўныя дэталі (напрыклад, прыблізны рост Юрыя Захаранкі), каб зразумець, ці кажа ён праўду. Ён не ўсё змог прыгадаць, але заявіў, што кажа праўду: "Клянуся здароўем сваёй дачкі".

Алена Захаранка пасля сустрэчы сказала DW, што ўпэўнена: Гараўскі кажа праўду. Яна спадзяецца, што ён яшчэ ўсё раскажа ў судзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі