У "справе аб бруднай вадзе ў вадаправодзе Мінска" — як мінімум два абвінавачаныя

У "справе аб бруднай вадзе ў вадаправодзе Мінска" — як мінімум два абвінавачаныя

У "справе аб забруджанай вадзе ў мінскм вадаправодзе" фігуруюць два абвінавачаныя. Гэта супрацоўнікі "Мінсквожаканала". Пра гэта дзяржагенцтву БЕЛТА распавяла старшы следчы па асабліва важных справах Галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата Следчага камітэта Алеся Мядзведзева.

Здарэнне адбылося 24 чэрвеня 2020 года. У буйных раёнах Мінска — Фрунзенскім і Маскоўскім — з кранаў пайшла брудная вада з непрыемным пахам. Некалькі дзён ваду з крана забаранялі піць. На дапамогу мінчукам з пацярпелых раёнаў прыйшлі дзяржаўныя службы і валанцёры з іншых раёнаў сталіцы.

Па словах Мядзведзевай, некаторыя людзі, якія карысталіся бруднай вадой, звярнуліся да дактароў: "У некаторых грамадзян, якія так ці інакш карысталіся няякаснай вадой, самаадчуванне было настолькі дрэнным, што ім давялося звяртацца ва ўстановы аховы здароўя з рознымі скаргамі. Некаторыя грамадзяне і зусім былі шпіталізаваныя. Цяпер вырашаецца пытанне пра кампенсацыю шкоды здароўю людзей".

Следства, як бачна, зацягнулася на два гады. Паводле Мядзведзевай, прычыны аварыі высвятлялі таксама спецыялісты Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства ЖКГ, Нацыянальнай акадэміі навук і вядучых ВНУ краіны. 

Паведамляецца, што на ўчастку вадаправода ад вадасховішча Крылова да ачышчальнай вадаправоднай станцыі каля месяца ішла рэканструкцыя трубаправод: мянялі жалезабетонныя трубы на сталёвыя. "У перыяд вытворчасці будаўнічых работ астатні ўчастак вадавода не эксплуатаваўся, таму з пачатку работ і да іх заканчэння без руху знаходзіліся каля 6 тыс. куб. м вады з вадасховішча. Гэта было летам, і гарачыя ўмовы надвор'я прывялі да таго, што вада стала затхлай, смярдзючай і каламутнай", — распавядае падрабязнасці следчая.

Кіраўніцтва "Мінскводаправода" пасля рамонту трубаправоду вырашыла запусціць яго ў працу. А супрацоўнік "Мінскводаканала" перад запускам праігнараваў словы брыгадзіра аварыйна-аднаўленчых работ, што вада настолькі каламутная і брудная, што нават не прасвечваецца ліхтаром. "Ён не зліў вялікі аб'ём застойнай вады і пусціў такую ваду на ачышчальную вадаправодную станцыю, збудаванні якой не прызначаныя для ачысткі вады такой якасці", — кажа Мядзведзева.

На ачышчальнай станцыі супрацоўнік таксама не прыняў належных мер па ачыстцы вады і недапушчэнні яе ў горад. "Пры гэтым ён меў вынікі лабараторных выпрабаванняў вады і разумеў, што да нарматыўных якасцяў яе не ўдалося ачысціць. У цяперашні час вінаватыя асобы прыцягнутыя ў якасці абвінавачаных", — паведамляе супрацоўніца Следчага камітэта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі