У справе катоў давялося разбірацца намесніку старшыні Вярхоўнага суда

Каты цяпер могуць спакойна жыць у кватэры без рэгістрацыі (ілюстрацыйнае фота)

Каты цяпер могуць спакойна жыць у кватэры без рэгістрацыі (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com

Муж і жонка з Мінска развяліся, але засталіся жыць у адной трохпакаёвай кватэры ў Фрунзенскім раёне, падзялілі яе паміж сабой праз суд (мужчыне дасталіся 45% — самы вялікі пакой). Разам з імі жыла дарослая дачка жанчыны ад першага шлюбу, а таксама кот і кошка, якіх гаспадары не зарэгістравалі. Нечакана гэтыя хатнія жывёлы сталі сапраўдным выпрабаваннем для судовай сістэмы Беларусі, піша "Зеркало".

У нейкі момант пра жывёл у кватэры стала вядома камунальнікам. Яны неаднаразова прасілі іх зарэгістраваць, накіроўвалі пісьмовае патрабаванне. Восенню 2022 года гаспадыню нават аштрафавалі "за парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёл праз адсутнасць рэгістрацыі". Высветлілася, што ўся справа была ў былым мужы, які чамусьці ўпарта адмаўляўся рэгістраваць жывёл. Мужчына спасылаўся на тое, што яны "не яго". У выніку ЖЭУ звярнулася ў суд і падало іск супраць жыхароў кватэры з патрабаваннем прымусіць іх правесці рэгістрацыю хатніх жывёл.

На судзе жанчына і яе дачка сказалі, што згодныя з іскам і гатовыя зрабіць "прапіску" катам. Аднак мужчына быў па-ранейшаму супраць. У ліпені 2023-га суд абавязаў усіх жыхароў кватэры зарэгістраваць жывёл і заплаціць 111 рублёў дзяржпошліны. Былы муж, незадаволены, што на яго ўсклалі абавязак па рэгістрацыі катоў, падаў апеляцыю. Ён заявіў, што ўвогуле супраць знаходжання жывёл у кватэры, якія "псуюць маёмасць".

Раптоўна на рашэнне раённага суда падае пратэст пракуратура. Пракурор палічыў, што суд "істотна парушыў нормы працэсуальнага права" — да ўдзелу ў справе не прыцягнулі адміністрацыю Фрунзенскага раёна Мінска (менавіта яна адказвае за пытанні рэгістрацыі хатніх жывёл, а не ЖЭУ). У жніўні, каб разгледзець гэтыя скаргі, збіраецца калегія з трох суддзяў Мінскага гарадскога суда. Яны прыходзяць да высновы, што першапачатковае рашэнне ўсё ж такі было законным.

Справа ў тым, што каты з'явіліся ў сям'і яшчэ да разводу. Суд палічыў, што яны "з'яўляюцца сумесна нажытай маёмасцю". Калі маёмасць дзялілася, жывёл не падзялілі, і яны засталіся агульнай маёмасцю. А значыць і адказнасць за іх ва ўсіх аднолькавая. Быў адхілены і пратэст пракурора. Адзіная змена — калегія пастанавіла, што дзяржпошліну павінны заплаціць усе трое па 37 рублёў.

Справа катоў дайшла да Вярхоўнага суда. Намеснік яго старшыні выносіць пратэст на рашэнне гарадскога суда і патрабуе адмяніць усе пастановы па гэтай справе. У лютым 2024-га збіраецца ўжо не проста калегія, а прэзідыум Мінскага гарадскога суда! На пасяджэнні высвятляецца, што першапачатковае рашэнне не толькі было неабгрунтаваным, але і наогул "не мела права на існаванне". Аказваецца, у абгрунтаванне вердыкту раённы суд прывёў артыкулы Жыллёвага і Грамадзянскага кодэксаў, якія наогул не датычацца пытанняў рэгістрацыі хатніх жывёл. А ўсе астатнія законы, на якія спаслаўся суддзя, былі ўжытыя... няправільна.

Вярхоўны суд прыйшоў да высновы, што ў беларускім заканадаўстве не прадугледжаная магчымасць прымусу гаспадароў да рэгістрацыі жывёл у судовым парадку. Гэта значыць іск супраць гаспадароў катоў камунальнікі не маглі падаць.

"З улікам выкладзенага судовыя пастановы, якія адбыліся па справе, нельга прызнаць законнымі і абгрунтаванымі, — пастанавіў прэзідыум Мінгарсуда. — Яны падлягаюць адмене, а справа — спыненню з прычыны яе непадведамаснасці суду".

На гэты раз рашэнне канчатковае. Каты могуць спакойна жыць у кватэры без рэгістрацыі, пакуль іх гаспадарам не надакучыць плаціць штрафы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі