У справе з нерухомасцю Цапкалы з'явіўся новы паварот

Валерый Цапкала

Валерый Цапкала

Суд Партызанскага раёна Мінска з падачы пракуратуры прызнаў юрыдычна нікчэмнай угоду па адчужэнні жылога дома.

Паведамляецца, што прэтэнзіі ў пракуратуры з'явіліся да мінчука, які ў 2020 годзе перадаў жыллё лізінгавай кампаніі за 280 тысяч рублёў, але працягнуў у ім жыць паводле дамовы арэнды (дамова была падпісаная на 20 гадоў). Пракуратура вырашыла, што сума здзелкі моцна заніжаная — маўляў, рэальны кошт маёмасці складаў каля 3 мільёнаў рублёў. На думку пракурорскіх работнікаў, мужчына прадаў жыллё, каб яго не канфіскавала дзяржава.

Прэс-служба пракуратуры заяўляе, што раней мужчыну асудзілі па іншай справе "за атрыманне хабараў у асабліва буйным памеры, а таксама злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці". За гэта яго спагналі "даход, атрыманы злачынным шляхам, у суме звыш 2 мільёны рублёў". Як удакладняе сталічная пракуратура, "адным з прадметаў хабару з'яўлялася аказанне выгод маёмаснага характару ў выглядзе выканання работ па будаўніцтве для адказчыка жылога дома ў Мінску".

З паведамлення пракуратуры можна зрабіць выснову, што гаворка ідзе, хутчэй за ўсё, пра дом Валерыя і Веранікі Цапкалаў. Раней паведамлялася, што іх нерухомасць у сакавіку 2020-га была прададзеная лізінгавай кампаніі "Райфайзен-лізінг".

У Беларусі прэтэндэнта на выбары 2020 года Валерыя Цапкалу асудзілі завочна на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сярод іншага яго вінавацілі ў тым, што Цапкала атрымліваў хабар за забеспячэнне аплаты выкананых будаўнічых работ: нібыта яму зрабілі праектна-вышукальныя работы для будаўніцтва яго прыватнага дома (што каштавала больш за 25 тысяч рублёў), а таксама аплачвалі Валерыю, чальцам яго сям'і і блізкім сваякам адпачынак у Крыме.

Мінскі дом Цапкалаў разграмілі сілавікі на пачатку чэрвеня 2022 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі