Цапкала — гэта асабістае. Размова з бізнесменам, які заявіў на экс-кіраўніка ПВТ

Седат Ігдзеджы / Фота: Марыя Вайтовіч​
Седат Ігдзеджы / Фота: Марыя Вайтовіч​

Турэцкі бізнесмен Седат Ігдзеджы з'явіўся ў загалоўках навін раптоўна, як чорцік з табакеркі. Як толькі экс-дырэктар беларускага ПВТ Валерый Цапкала заявіў пра прэзідэнцкія амбіцыі, Седат заявіў пра прэтэнзіі да яго. Спачатку яны былі звязаны з разлікам за будаўніцтва дома (хоць суд па гэтай справе ўжо прайграны), цяпер — з шантажом, хабарамі і гомасексуальнымі адносінамі.

Усё гэта (асабліва апошні пункт, падобны на чыюсьці ўстаўку ў пададзеную ў пракуратуру заяву) выклікала масу пытанняў да Ігдзеджы. Еўрарадыё адправілася да яго ў офіс у Валяр'янава пад Мінскам, каб задаць іх. Турак аказаўся няпростым суразмоўнікам — на некаторыя пытанні не адказаў і не паказаў ні паведамленняў з шантажом, ні архіўных фота, якія б пацвярджалі блізкае знаёмства з Цэпкалам. Вось якое ў нас з ім атрымалася інтэрв'ю.

Еўрарадыё: Людзі сумняваюцца ў тым, што вы сур'ёзны бізнесмен. У інтэрнэце былі цэлыя сайты пра вашу нядобрасумленнасць.

Седат Ігдзеджы: 994 тысячы квадратных метраў з 2008 да 2015 года я пабудаваў як генпадрадчык і інвестар. Дзяржаўныя і прыватныя праекты: Бараўляны, Валяр'янава, Калодзішчы, у Полацку, Наваполацку і Пінску. Гатэль у Астраўцы, аб'екты прыдарожнага сэрвісу і аўтазаправачную станцыю паблізу памежнага пункта "Катлоўка". 1600 метраў даўжыні гэта я будаваў і сёння кіраўнік гэтага аб'екта.

У 2008 годзе мая сям'я перабралася ў Беларусь, тут я пачаў займацца інвестыцыямі, мае дзеці пачалі тут вучыцца і вучыць рускую мову. Адзіная памылка, якую я зрабіў, — гэта тое, што мы пазнаёміліся з Валерыем Цапкалам.

 

Цепкало — это личное. Интервью с бизнесменом, заявившим на экс-главу ПВТ

Еўрарадыё: Як вы пазнаёміліся з ім?

Седат Ігдзеджы: У 2006 годзе, у Турцыі. Пра гэта ёсць у заяве. Копія заявы ёсць у інтэрнэце. Хто апублікаваў — я не ведаю [магчыма, Седат мае на ўвазе сканы з ТГ-канала "Папаратор". — Еўрарадыё]. Цапкала адкрываў ПВТ і шукаў інвестара. Ён англійскую добра ведае, я англійскую на той момант разумеў, але не мог гаварыць. Я зразумеў, ён хоча 600 тысяч хабару з самага пачатку.

Еўрарадыё: Як вы можаце пацвердзіць, што блізка знаёмыя з Валерыем Цапкалам? Ёсць нейкія сумесныя фатаграфіі?

Седат Ігдзеджы: Мы адправім вам пазней. У архіве трэба пашукаць. Увечары адправім.

(Па стане на поўдзень 2 ліпеня архіўныя фота ў рэдакцыю не прыйшлі. На ўдакладняльны званок памочнік Седата Ігдзеджы адказаў, што агульных фатаграфій з Валерыем Цапкалам усё ж такі не знайшлося.)

Еўрарадыё: Чаму вы выступілі супраць Цапкалы менавіта цяпер, калі ён пайшоў у палітыку?

Седат Ігдзеджы: У СМІ пісалі, што я зрабіў гэту заяву на заказ. Не. Я думаў, што калі яго звольнілі з ПВТ, то ён з'ехаў з Беларусі. І я сказаў сваім людзям: "Забываемся". Спрабаваў вырашыць канфлікт у судовым парадку, але безвынікова. Чаму вы думаеце, што я да гэтага маўчаў? Колькі заяў я даў, вы ведаеце? Ніхто мяне да гэтага не слухаў.

Але я тут даведаўся, што ён збіраецца быць прэзідэнтам. І як я змагу жыць у гэтай краіне? Калі ён стане прэзідэнтам, я не змагу ніводнай хвіліны застацца ў Беларусі, магу з вамі закласціся. Я таксама думаў стаць кандыдатам у прэзідэнты, каб зраўнаваць сілы. Але я не нарадзіўся ў Беларусі, не магу быць кандыдатам.

Еўрарадыё: У чым сутнасць вашага канфлікту?

Седат Ігдзеджы: У 2015 годзе ў маім офісе мы пасварыліся. Я сказаў: "Валерый, я табе офіс будаваў, басейн у тваім доме я не буду будаваць. Дзверы там, вароты, сыходзь". І пачаў з ім судзіцца.

Цепкало — это личное. Интервью с бизнесменом, заявившим на экс-главу ПВТ

Еўрарадыё: Чаму суд не стаў на ваш бок у той час?

Седат Ігдзеджы: Калі вы пачняце са мной судзіцца ў Турцыі, напрыклад, колькі шанцаў у вас будзе? Нуль. Але я судзіўся з Валерыем Цапкалам у Беларусі. Ён патэлефанаваў суддзі, паклікаў тэхнагляд. Знайшлі дэфекты. Але калі ёсць дэфекты, то трэба рабіць рамонт? А цяпер ён жыве ў гэтым доме. І я гэтага не разумею, нейкі чалавек кажа, што я "незразумелы турак". Гэта ён незразумелы!

(Седат просіць памочніка зачытаць тэкст пра паходжанне сваёй сям'і.)

Еўрарадыё: Навошта вы ў сваёй заяве распісалі падрабязнасці прыватнага жыцця Валерыя Цапкалы?

Седат Ігдзеджы: Я не хацеў падымаць прыватнае жыццё, мне не дазваляе мараль. Але на мінулым тыдні мне прыйшоў шантаж у "Інстаграм" ад чалавека Валерыя Цапкалы: "Калі вы пішаце далей пра Валерыя Цапкалу, мы будзем вашым дзецям перашкаджаць, вам перашкаджаць". Я тата, я мужчына, як я магу на такое вочы закрыць? Я пайшоў са сваім адвакатам у МУС. Чаму я цяпер павінен захоўваць таямніцу прыватнага жыцця? Чаму я буду маўчаць?

Еўрарадыё: Ці можаце паказаць паведамленне з шантажом?

Седат Ігдзеджы: Мая заява ў міліцыі, у міліцыі ўсе дакументы ёсць.

Еўрарадыё: Дык, можа, гэта было не з боку Валерыя Цапкалы?

Седат Ігдзеджы: Мне толькі ўчора прыйшлі пяць новых СМС ад яго людзей. Я не магу гэта паказаць. Гэта можа быць ён або яго фанаты. Ён пайшоў у маё прыватнае жыццё, я пайшоў у яго прыватнае жыццё.

(Паведамленні з шантажом Седат Ігдзеджы нам так і не паказаў.)

Цепкало — это личное. Интервью с бизнесменом, заявившим на экс-главу ПВТ

Еўрарадыё: У заяве сказана пра хабар і незаконныя дзеянні. Але адзін з пунктаў — пра палавыя кантакты з мужчынамі. З чаго вы гэта ўзялі?

Седат Ігдзеджы: Што я ведаю, тое і даў пракурорам. І кожнае слова, выкладзенае ў заяве, пацвярджаецца дакументальна. Мы любім гаварыць пра порна, гомасексуальныя сувязі, але давайце гаварыць пра галоўную тэму. Галоўная тэма: у Цапкалы ёсць дзве афшорныя фірмы на Кіпры.

Еўрарадыё: Але навошта пра гэта было казаць? У гэтым няма нічога супрацьзаконнага.

Седат Ігдзеджы: Што я напісаў у заяве, на ўсё ёсць дакументы.

Еўрарадыё: У заяве вы расказваеце, як парушалі закон.

Седат Ігдзеджы: А што мне рабіць? Я з асманскай сям'і, мы "вайна-людзі", я не баюся. Ён [Валерый Цапкала. — Еўрарадыё] яшчэ ў 2015 годзе мне сказаў, што будзе прэзідэнтам Беларусі. Ніхто мне нічога не абяцаў, я адзін, просты simple-чалавек. Нічога не хаваю.

Еўрарадыё: Вы разлічваеце на вызваленне ад адказнасці за дачу хабару?

Седат Ігдзеджы: Мой адвакат сказаў, што калі я дам паведамленне, то буду вызвалены ад адказнасці.

Еўрарадыё: Гэта адзіны выпадак, калі вы далі хабар?

Седат Ігдзеджы: Так. Я добры будаўнік, ніколі не меў ніякіх праблем. Адзіная праблема ў маім жыцці — Валерый Цапкала. Гэта мая прыватная праблема.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі