У віцебскай школе №12 Лукашэнку назвалі дзяржаўным сімвалам
У віцебскай школе №12 на стэндзе "Дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь" побач з выявамі герба, сцяга і гімнам размешчаны партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Пад партрэтам ёсць подпіс, што гэта прэзідэнт краіны, піша праваабарончы сайт "Вясна".
Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў лічыць, што ў гэтым ёсць уплыў на волевыяўленне выбаршчыкаў: "Ідзе выбарчая кампанія, і таму не столькі дзецям, колькі іхным бацькам — выбаршчыкам хочуць укласці ў галовы, што менавіта Лукашэнка — прэзідэнт. Бо ён — ужо і сімвал беларускай дзяржавы, хоць па Канстытуцыі да дзяржаўных сімвалаў адносяцца толькі герб, сцяг і гімн".
Дарэчы, у самой школе размешчаны ўчастак для галасавання №40 Першамайскага раёна. Участковая камісія на 100% складаецца з настаўнікаў гэтай школы, а дырэктар школы ўзначальвае Першамайскую раённую тэрытарыяльную камісію.
Фота: spring96.org