Украінец трапіўся беларускім памежнікам двойчы за дзень
Прычым абодва разы ён спрабаваў правезці ў Беларусь сумкі з мясам.
22 сакавіка грамадзянін Украіны трапіўся беларускім памежнікам у пункце пропуску "Макраны" двойчы за дзень. Як паведамляе сайт Памежнага камітэта, спярша мужчына ехаў рэйсавым аўтобусам, і памежнікі аштрафавалі яго за парушэнне рэжыму пункту пропуску. Заплаціўшы штраф, украінец праехаў на беларускую тэрыторыю і праз нейкі час вярнуўся дадому.
Праз чатыры гадзіны ён зноў накіраваўся ў Беларусь, але цяпер пешшу. Прычым гэтым разам мужчына паказаў пашпарт на іншае імя і прозвішча.
Выявілася, што год таму яго дэпартавалі з Польшчы. Каб падмануць польскіх памежнікаў, украінец памяняў пашпарт, змяніўшы імя і прозвішча. Мужчына патлумачыў беларускім памежнікам, што заблытаўся ў сваіх дакументах і прынёс другі пашпарт памылкова.
Дарэчы, у абодва візіты украінец меў пры сабе сумкі з мясам, якое ён хацеў незаконна хацеў правезці ў Беларусь.
Прадпрымальнага ўкраінца аштрафавалі на 1,8 мільёна рублёў і адправілі дадому, не пусціўшы ў Беларусь.
Фота — bdg.by