Украінскім зборным забаранілі ўдзельнічаць у турнірах разам з беларусамі
Украінскія спартсмены / Reuters
Украінскім зборным забаранілі ўдзельнічаць у турнірах разам з беларусамі і расіянамі, піша hromadske.ua. Адпаведны загад выдала Міністэрства моладзі і спорту Украіны. Яно спасылаецца на рашэнне ўкраінскага ўраду, які яшчэ ў канцы сакавіка пастанавіў, што ўкраінскія спартсмены будуць байкатаваць спаборніцтвы з удзелам прадстаўнікоў РБ і РФ.
Забарона датычыць прадстаўнікоў афіцыйных дэлегацый нацыянальных зборных па алімпійскіх, неалімпійскіх відах спорту і паралімпійскіх. У выпадку невыканання загаду Міністэрства моладзі і спорту, будзе разглядацца пытанне аб пазбаўленні спартыўнай федэрацыі статуса нацыянальнай.
Санкцыі супраць беларускага і расійскага спорту былі ўведзены вясной 2022-га пасля пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны. Але сёлета Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў дапусціць беларусаў і расіян да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе. Такое рашэнне было ўспрынята ў свеце неадназначна. Некаторыя спартыўныя федэрацыі працягнулі абмежаванні для спартсменаў з РБ і РФ, іншыя ж вырашылі іх дапусціць да спаборніцтваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.