Усе райцэнтры Гомельшчыны засталіся без дзяжурных аптэк
Аптэка, ілюстрацыйнае фота
Ні ў адным з райцэнтраў Гомельшчыны няма дзяжурнай кругласутачнай аптэкі, піша "Флагшток".
Выданне звярнула ўвагу на чат Жлобінскага райвыканкама. Адін з карыстальнікаў напісаў пра адсутнасць такой аптэкі ў 80-тысячным горадзе і атрымаў больш за 450 рэакцый падтрымкі.
Сэрвіс 103.BY паказвае толькі дзве аптэкі ў Гомельскай вобласці, якія працуюць 24 гадзіны — у Гомелі і Светлагорску. Але гэтая інфармацыя ўжо неактуальная: аптэка "Востраў здароўя" у Светлагорску ўжо не працуе кругласутачна.
Мяркуючы па паведамленні ў жлобінскім чаце, праблема палягае ў рэнтабельнасці працы аптэчных сетак і змене іх уласнікаў. Работнік адной з аптэк "ЕўраМедФарм" расказаў, што аптэка, у якой ён працуе, раней была кругласутачнай, потым рэжым працы змяніўся, а цяпер сетка аптэк увогуле выстаўленая на продаж. Чакаецца, што новы ўладальнік зноў зробіць аптэку дзяжурнай.
"Справа ў тым, што ўладальнік збанкрутаваў, тавару мала, новы не паступае, няма чым плаціць "начнік". Таму скарацілі час працы. Чакаем, пакуль з'явіцца новы гаспадар", — тлумачыць фармацэўт.
Работнікі аптэк кажуць, што іх праца стала стратнай пасля таго, як у Беларусі абмежавалі рознічныя надбаўкі ў адпаведнасці з укзам Лукашэнкі №366 ад 2005 года: "Аж па 2017 год дзейнасць таварыства была рэнтабельнай або блізкай да нуля, страта ад рэалізацыі пакрывалася за кошт іншых даходаў ад бягучай дзейнасці (прэмій (бонусаў) пастаўшчыкоў). З 2017 года адбылося рэзкае скарачэнне гандлёвых надбавак (як рознічных, так і аптовых), вызначаных указам, у выніку чаго даходы таварыства сувымерна скараціліся ў выніку скарачэння як уласных гандлёвых нацэнак, так і прэмій (бонусаў) пастаўшчыкоў, а дэбіторская запазычанасць аптэчнай сеткі перад пастаўшчыком стала нарастаць".
А 1 студзеня быў уведзены 10% ПДВ на лекавыя сродкі. Пры гэтым кошты на частку лекаў Мінздароўя і МАРТ забаранілі павышаць. У выніку гэты падатак лёг на аптэкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.