Вайна гэтая не на адну восень і не на адну зіму — Уладзімір Някляеў
Уладзімір Някляеў / facebook.com/jaroslaw.iwaniuk
Расійска-ўкраінская вайне не скончыцца ні бліжэйшай восенню, ні наступнай зімой. Такі прагноз выказаў паэт Уладзімір Някляеў у гутарцы з "Народнай Воляй".
На яго думку, ваенную перамогу не здолеюць атрымаць ні Расія, ні Украіна: "На жаль, нічога восенню не скончыцца, бо няма для гэтага ніякіх падстаў. Завяршыцца гэта не можа чыёйсьці перамогай: ваенная перамога над Расіяй з яе людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі — палітычны сон.
Гэтаксама як перамога Расіі над Украінай, бо дзеля гэтага Расіі трэба перамагчы ці не ўвесь свет. Так што скончыцца вайна можа толькі праз перамовы, праз дамоўленасці".
Разам з тым Някляеў адзначае, што і дамаўляцца пакуль што ніводзін з бакоў не мае намеру. Расіяне купляюць кватэры ў Марыупалі, а ўкраінцы хочуць вярнуць сабе тэрыторыі, акупаваныя Расіяй.
"Так што ўсё гэта не на адну восень і не на адну зіму. Хоць, вядома, нас не мусіць пакідаць надзея. Тым больш, што толькі яна адна ў нас і засталася", — канстатуе паэт.
Уладзімір Някляеў у 2010 годзе быў кандыдатам у прэзідэнты. У дзень выбараў 19 снежня быў збіты і выкрадзены спецслужбамі з лякарні. Яго асудзілі на 2 гады з адтэрміноўкай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.