Віцэ-прэм'ер Сямашка едзе ў Маскву для перамоваў па пастаўках нафты

Першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзімір Сямашка накіроўваецца ў Маскву. Як адзначае БЕЛТА, ён працягне перамовы па ўмовах паставак нафты. Як заявіў прэс-сакратар прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнка, беларуская дэлегацыя выправілася ў Маскву па запрашэнні намесніка старшыні ўрада Расіі Ігара Сечына. Чакаецца, што чарговы раўнд перамоваў адбудзецца 9 студзеня ва ўрадзе Расіі.

Аляксандр Цімашэнка падкрэсліў, што беларуская дэлегацыя, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі шэрагу профільных міністэрстваў і ведамстваў, мае ўсе неабходныя паўнамоцтвы для правядзення перамоваў і падпісання адпаведных дакументаў. Пры гэтым пазіцыя беларускага боку па-ранейшаму грунтуецца на неабходнасці дасягнення ўзаемапрымальных дамоўленасцяў у рамках дзейснай прававой базы беларуска-расійскіх адносін.

Нагадаем, што падчас папярэдніх раўндаў перамоваў, якія адбыліся 30-31 снежня 2009 года і 6-7 студзеня 2010 года, беларускія і расійскія эксперты не змаглі істотна зблізіць пазіцыі бакоў па самых прынцыповых пытаннях і выйсці на падпісанне адпаведных дакументаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі