"Вы яго затрымлівалі?" — "Я яго прытрымліваў": як судзілі Мікіту Домрачава
Мікіта Домрачаў пасля затрымання / Еўрарадыё
23 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненні да Мікіты Домрачава. Мікіта — архітэктар, але пасля затрымання і збіцця сілавікамі ў прэсе пра яго часцей пішуць як пра брата чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі па біятлоне, Героя Беларусі Дар'і Домрачавай.
Домрачаў на пасяджэнне не прыйшоў. Афіцыйная інфармацыя — ён на самаізаляцыі. Адвакат падаў хадайніцтва аб пераносе пасяджэння, але суддзя адмовіў.
На Мікіту складзены адзін пратакол па артыкуле 23.34 КаАП. Яго затрымалі 11 кастрычніка ў раёне Зыбіцкай. Сілавікі сцягнулі хлопца з ровара і жорстка збілі: адзін кінуў Домрачава праз сябе, іншыя білі дубінкамі. З РУУС архітэктар на "хуткай" з'ехаў у бальніцу — там яму на галаву наклалі тры швы.
Паводле слоў міліцыянтаў, Мікіта ездзіў на ровары па Зыбіцкай і выкрыкваў лозунгі. Аднак у рапарце затрымання сказана, што Домрачава спынілі побач з домам па Пераможцаў, 31. Гэта амаль у 1,5 км ад рэальнага месца затрымання.
У зале суда нешматлюдна: адвакат, некалькі журналістаў, трое "гасцей" — хлопцы ў цывільным адзенні, якія прыйшлі паглядзець, як ідзе працэс.
Сведка Мікнавец: "Я бачыў, як яго затрымлівалі, але не бачыў як збівалі"
З боку суда былі заяўлены двое сведак. Мікнавец і Наравец. Апытанне сведак праходзіла "па скайпе".
Паводле слоў Мікнаўца, Мікіта паводзіў сябе агрэсіўна, адмаўляўся выконваць патрабаванні праваахоўных органаў. Ён распавядае, што сам не ажыццяўляў затрыманне, але бачыў: у гэтым удзельнічала група затрымання.
— Домрачаў адмовіў супрацоўніку прайсці ў службовы аўтатранспарт. У сувязі з чым гэтага грамадзяніна пры дапамозе фізічнай сілы даставілі для правядзення далейшых працэсуальных дзеянняў, — кажа сведка.
— Хто яго дастаўляў? — удакладняе адвакат.
— Іншыя супрацоўнікі.
— А затрымлівалі вы і Наравец?
— Мы ў тым ліку.
— А вы ведаеце, што Домрачаў трапіў у бальніцу пасля затрымання?
— Так.
— А ў момант затрымання збівалі яго супрацоўнікі?
— Я не бачыў, каб яго супрацоўнікі яго білі.
— Колькі чалавек яго затрымлівалі?
— 8 чалавек.
— І ўся група затрымання яго затрымлівала?
— Не.
— А вы затрымлівалі?
— Прытрымліваў.
Сведка Наравец: "Адрас затрымання ўказалі памылкова"
Адрасам месца затрымання ў пратаколе пазначаны праспект Пераможцаў, 31. Але на пытанне адваката аб месцы затрымання Наравец сцвярджае, што адрас пазначаны памылкова. Ён сцвярджае, што праводзіў затрыманне на Зыбіцкай, 27. Апісаць, дзе гэта і што там знаходзіцца, не можа: "Потым па мапе паглядзелі".
— А што вы можаце патлумачыць пра тое, што ў рапарце вы паказалі, што падзеі мелі месца быць каля дома 31 па праспекце Пераможцаў?
— Памылкова ўказалі.
— У сувязі з чым быў затрыманы гэты грамадзянін?
— У сувязі з тым, што быў парушаны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, гэты грамадзянін быў затрыманы.
— Вы затрымлівалі? — удакладняе суддзя.
— Сумесна з калегамі.
Ува што быў апрануты Домрачаў, Наравец не памятае. Як выглядаў яго ровар, таксама не памятае. Спасылаецца на тое, што гаворка ідзе пра падзеі, якія адбыліся больш як месяц таму. Пры гэтым сведка памятае, што Мікіта ўпіраўся нагамі. І не бачыў, каб Домрачава збівалі.
— Была кроў на галаве?
— Была кроў.
— А адкуль тады была кроў, калі яго не білі?
— Супрацоўнікам УУС дазваляецца пры затрыманні правіламі ўжываць фізічную сілу.
— Дык усё-ткі яго білі?
— Ад таго, што вы пытаецеся два разы, мой адказ не мяняецца.
— Дык хто ўжываў фізічную сілу?
— Я не ведаю.
Сведка з боку абароны. Апытанне па вайберу
Сведка з боку абароны — аўтарка аднаго з двух відэа, на якіх бачна, як затрымліваюць Мікіту Домрачава. Дзяўчына кажа, што бачыла, як Мікіту Домрачава звалілі з ровара і пачалі збіваць. Яго ніхто ні пра што не папярэджваў.
На судзе відэа былі прагледжаныя. На іх бачныя і момант затрымання, і момант збіцця.
Пасля залічэння пратакола апытання, згодна з якім 11 кастрычніка каля 15:30 Мікіта Домрачаў "прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама", суддзя пайшоў у дарадчы пакой. Вярнуўшыся, ён пастанавіў, што Домрачаў здзейсніў правапарушэнне, і аштрафаваў яго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.