Асноўная страва: бульбяное пюрэ і кавалак варанай курыцы ў жалезнай талерцы, плюс салата з капусты ў такой самай жалезнай місцы. На дэсерт — ягадны кампот.
Доктарка-нутрыцыёлаг Мая Е. лічыць, што прыём ежы мусіць быць прыемным, у тым ліку эстэтычна. Спецыялістка дадае, што сама б есці такую ежу не стала.
— Пачнём з плюсаў. Тут гэта капуста — адзін з самых карысных для здароўя дзіцяці відаў гародніны, поўны вітамінаў і мінералаў. Таму салацік — гэта класна. Але пытанне ў тым, чым ён запраўлены. Калі лімонным сокам ці аліўкавым алеем, то крута, але гэта наўрад. Думаю, хутчэй за ўсё, ён запраўлены сланечнікавым ці рапсавым алеем, якія з'яўляюцца крыніцамі розных запаленняў ў арганізме.
Далей — кампот, што вельмі дрэнна для здароўя. Імгненны скачок цукру і інсуліну, імгненнае разбалансаванне вугляводнага абмену — усё гэта негатыўна ўплывае на канцэнтрацыю ўвагі і на кагнітыўныя функцыі.
Пераходзім да гарніру. Пюрэ з бульбы як крыніца хуткай энергіі цалкам можа быць. Але нічога карыснага ў ім няма. Цяпер мяса.
Безумоўна, яно мусіць быць, але толькі не курыца — гэта самае бруднае мяса, якое толькі бывае. Цяпер курыцу проста немагчыма выгадаваць без антыбіётыкаў і гармонаў. Бройлеры, якія за 1,5-2 месяцы вырастаюць у велізарную курыцу і нашпігаваныя ўсім, чым толькі можна, не могуць прынесці карысці дзіцячаму арганізму. Мяса мусіць быць чыстае.
Што кажуць самі дзеці пра свае абеды ў беларускіх сталоўках?
Адзінаццацікласнік Артур выказаўся лаканічна:
— Так, не рэстаран. Так, бывае, што дрэнна пахне. Кормяць не аб'едкамі, таму грэх скардзіцца. Ем што даюць.
Мацвей, вучань шостага класа, які сёлета змяніў школу, кажа, што на новым месцы кормяць гэтак жа, як і ў старой школе.
— Сама па сабе ежа выглядае жудасна, але есці можна. Даюць вельмі смачныя сокі і кампоты. Яшчэ абяцаюць, што будуць даваць бліны, сырнікі і пельмені. Паглядзім, ці будуць.
А першакласнік Ягор расказаў, што больш за ўсё ў школьнай сталоўцы яму падабаецца чай.
Як кормяць школьнікаў у Польшчы?
На адной з фатаграфій са сталоўкі ў польскай школе — макарона з таматнай пастай і фаршам і зноў кампот. Мая кажа, што калі там і праўда таматная паста з фаршам, то гэта вельмі добры абед, поўны вітамінаў і бялкоў. А вось за кампот экспертка ставіць мінус.