Дзецям у садках Гомельшчыны пастаўлялі рыбу з гельмінтамі

Рыба, ілюстрацыйнае фота

Рыба, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Шматлікія парушэнні выявілі пракурорскія работнікі падчас праверкі харчавання ў дзіцячых садках і школах Гомельскай вобласці, паведамляе Генпракуратура.

Правяраючы адну са скаргаў, пракуроры выявілі пастаўкі няякаснай рыбы ў некаторых дзіцячых садках Рэчыцкага раёна. У прыватнасці, не заўжды яе пастаўлялі ў трыбушаным выглядзе. "Пры праверцы таксама пацвердзілася, што ў 2023 годзе і мінулым перыядзе 2024 года рыба неаднаразова пастаўлялася ў адзін з дзіцячых садкоў Рэчыцкага раёна ў непрыдатным для харчавання выглядзе — з гельмінтозам, у сувязі з чым яна вярталася пастаўшчыку", — паведамляюць у Генпракуратуры.

Дамову з пастаўшчыком скасавалі, а адказных службовых асоб прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці.

Выбарачная праверка ў адзінаццаці школах Гомеля таксама выявіла шматлікія парушэнні заканадаўства.

Напрыклад, гарбата для школьнікаў з цукровым дыябетам выстаўлялася на агульныя сталы для ўсіх. Пры гэтым было немагчыма вызначыць, у якой шклянцы была гарбата без цукру. Былі выпадкі, калі дзецям з непераноснасцю лактозы давалі бульбяное пюрэ на малацэ. Іншым навучэнцам давалі апельсіны, хаця дактары рэкамендавалі выключыць з іх рацыёну вітамін С.

Па выніках праверкі пракуроры запатрабавалі ад Гомельскага гарвыканкама выправіць дапушчаныя парушэнні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі