Як Лукашэнка адпачывае ў Сочы

На мінулыя выходныя беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка разам са сваёй сям’ёй прыехаў на курорт у Красную Паляну. У суботу там адкрываўся беларускі аздараўляльны комплекс, які будаваўся на знакамітым курорце некалькі год.

Як паведамляе “КП Кубань”, комплекс займае два гектары зямлі і на яго тэрыторыі размешчаныя гасцініца на 30 двухмясцовых нумароў, спартовая і трэнажорная залы і, вядома ж, усё неабходнае для лыжнага спорту.


Цікава тое, што мясцовыя жыхары адпачываць там не змогуць, бо пабудавана гэта ўсё выключна для беларусаў. Разам з Лукашэнкам на адкрыццё комплексу прыехала амаль 50 чалавек.


На якіх крытэрыях выбіраліся прадстаўнікі беларускай дэлегацыі, мы спыталіся ў спявачкі Ірыны Дарафеевай, якая таксама знаходзіцца зараз у Краснай Паляне:

У складзе дэлегацыі прысутнічаюць і спартоўцы, і дзеячы мастацтва, і журналісты, проста ёсць людзі, здольныя годна прадставіць Беларусь на любым дзяржаўным узроўні.


А ўлічваючы, што тут адбывалася адкрыццё спартовага комплексу “Беларусь”, прыехалі і тыя, хто забяспечыў мерапрыемства якаснай канцэртнай праграмай, тым больш у маім рэпертуары шмат беларускіх нацыянальных песень”.


Падчас размовы Ірына нам расказала, як адпачывае беларуская дэлегацыя:


“Хто як! Асноўныя выступы ўжо адбыліся, плануецца яшчэ толькі адзін канцэрт, таму ў нас з’явілася магчымасць стаць на лыжы.


Я тут баўлю час з беларускай біятланісткай Алёнай Зубрылавай і алімпійскім чэмпіёнам Сяргеем Булыгіным, і ўжо на лыжах у мяне нават нешта стала атрымлівацца, горы пачалі мне пакарацца.


Гэта вялізная заслуга нашага прэзідэнта, што ён сам такі спартыўны, і нас ўсіх накіраваў да спорту. Усе, хто прыехаў у складзе дэлегацыі, сталі на лыжы, і, на мой погляд, абыякавых да лыжаў людзей сярод нас ужо няма”.


Вядома ж, мы зацікавіліся, ці вучыў каго-небудзь катацца на лыжах сам Лукашэнка:


“Не такога не было, таму што зусім іншы ўзровень. Ён прыехаў са сваёй сям’ёй, таму, я думаю, ён мае права на свой адпачынак. Наша задача, можна сказаць, на ўзроўні канцэртаў, і не дай бог напружваць яго такімі заняткамі”.


Улічваючы звычайныя вынікі “Беларускай лыжні”, нам стала цікава, хто, на погляд Ірыны, лепш за ўсіх стаіць на лыжах:


“Я не ведаю. Кожны займаецца па сваёй праграме і са сваімі інструктарамі, таму лепш за ўсіх, на мой погляд, катаюцца нашыя лыжнікі”.


Ірына нам паведаміла, што магчымасцяў сустракацца з прэзідэнтам у неафіцыйных абставінах няма, але ёсць напаўафіцыйныя абеды разам з усёй беларускай дэлегацыяй. Менавіта на іх кожны можа паразмаўляць з Лукашэнкам. Спявачка падзялілася з намі сваімі ўражаннямі ад такіх сустрэч:


“Як вы разумееце, гэтых сустрэч дастаткова, каб натхніцца на новую працу. І я вельмі ўдзчная, што з’явілася такая магчымасць кантактаваць з такімі цікавымі, таленавітымі людзьмі, кожны з якіх у сваёй сферы дзейнасці сябе максімальна праявіў”.


Дадам, што Аляксандр Рыгоравіч вырашыў працягнуць традыцыю рабіць падарункі. Але ў адрозненне ад шматка сала падчас апошняй сустрэчы з Дарафеевай, ён падарыў кожнаму прадстаўніку дэлегацыі бутэльку мясцовага бальзаму і мёд.


Дарэчы, Ірына пераканала нас, што кожны вырашыў захаваць гэтыя падарункі і прывесці ў Мінск. Па інфармацыі “КП Кубань”, недалёка ад агульнага будынку на тэрыторыі комплексу стаіць невялікі дом з драўлянай лазняй, у якім, па чутках, будзе жыць сам беларускі прэзідэнт падчас сваіх візітаў у Сочы.


Нагадаю, што Лукашэнка разам з сям’ёй і дэлегацыяй будуць адпачываць у Сочы да пятніцы.


Фота — “КП—Кубань”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі