Як выбары ў Германіі адаб'юцца на еўрапейскай бяспецы?

Выбары ў Германіі і Дональд Трамп / Калаж Улада Рубанава / Еўрарадыё
Германія — адна з найважнейшых краін ЕС, якая доўгі час грала ролю стабілізатара еўрапейскай палітыкі, — стаіць перад новымі выклікамі. Вынікі выбараў, якія прайшлі на выходных, паказалі, што звыклыя палітычныя ўстаноўкі кіраўніцтва краіны зазналі рэзкую крытыку з боку выбаршчыкаў. Яўка на выбарах стала адной з самых высокіх — 85%, а другое месца заняла ультраправая партыя. На фоне змянення палітыкі ЗША ў дачыненні да Еўропы Германія рызыкуе страціць сваё месца аднаго з гарантаў збалансаванай палітыкі Еўрапейскага саюза.
Як прайшлі выбары
Кіроўная Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (SPD) пацярпела поўную паразу, атрымаўшы ўсяго 16,4% галасоў — гэта найгоршы вынік за 135 гадоў. Пройгрыш стаў вялікім ударам для сацыял-дэмакратаў, асабліва ўлічваючы, што іх лідар Олаф Шольц у 2021 годзе быў абраны канцлерам, а сама партыя была ў складзе кіроўнай кааліцыі, вядомай як "Святлафор" (SPD, "Зялёныя", FDP). Але ўвесь апошні год перад выбарамі давер да Шольца і яго ўраду імкліва падаў. На момант выбараў толькі каля 20% выбаршчыкаў верыла іх абяцанням. Гэта было звязана з шэрагам няўдалых рашэнняў, уключаючы пагаршэнне сітуацыі з міграцыяй, сацыяльнай палітыкай, а таксама слабую рэакцыю на крызіс у эканоміцы і жыцці грамадзян.
Падчас перадвыбарчай кампаніі высветлілася, што лаяльную пазіцыю ў дачыненні да Крамля занялі як крайне правыя, так і крайне левыя партыі. AfD, ультраправая партыя Германіі, не хавала выразнай прарасійскай пазіцыі. Яе сябры крытыкавалі дзеянні нямецкага ўрада, звязаныя з падтрымкай Украіны, пастаўкамі зброі і ўвядзеннем санкцый супраць Расіі. Лідары AfD заклікалі перагледзець адносіны з Расіяй, у тым ліку скасаваць санкцыі, якія, на думку партыі, наносяць шкоду нямецкай эканоміцы.
Прычыны падтрымкі Расіі левымі партыямі трохі іншыя. Некаторыя часткі левых сіл у Германіі, асабліва тыя, што сканцэнтраваныя вакол Сары Вагенкнехт і яе новага праекта "Саюз Сары Вагенкнехт" (BSW), крытыкавалі палітыку санкцый і ваенную дапамогу Украіне. Вагенкнехт і яе прыхільнікі сцвярджалі, што Германія павінная імкнуцца да міру з Расіяй і дыпламатычнага вырашэння канфлікту. Левыя сілы, у прыватнасці Вагенкнехт, заўсёды выступалі супраць ваенных умяшанняў і лічылі, што NATO і Захад празмерна ўмешваюцца ў справы Украіны, што толькі пагаршае канфлікт.
У выніку найбольшую колькасць месцаў у парламенце атрымала правакансерватыўная партыя ХДС/ХСС. Яе лідар Фрыдрых Мерц зрабіў некалькі ключавых крокаў, якія дазволілі хрысціянскім дэмакратам вярнуцца да ўлады пасля няўдач у 2021 годзе.
Па-першае Мерц засяродзіў намаганні на змене ўнутранай палітыкі сваёй партыі, робячы акцэнт на больш кансерватыўныя каштоўнасці. Гэта дазволіла прыцягнуць выбаршчыкаў, расчараваных папярэднімі ўрадавымі кааліцыямі і правымі сіламі, такімі як AfD, якія набіралі папулярнасць.
Па-другое адным з самых спрэчных і важных крокаў у выбарчай кампаніі Мерца стала стаўка на антыміграцыйную павестку. У разгар кампаніі, у канцы студзеня, яго партыя прапанавала пакет мер, які прадугледжваў узмацненне жорсткасці што да правілаў прадстаўлення прытулку і ўвядзенне пашпартнага кантролю па ўсёй мяжы Германіі. Крок быў падтрыманы AfD, і гэта выклікала палітычны скандал. То-бок Мерц адважыўся на няпростае і супярэчлівае рашэнне: яго партыя перастала прытрымлівацца прынцыпу "брандмаўэра" (несупрацоўніцтва з ультраправымі сіламі) і нават пайшла на часовы саюз з AfD. Гэта таксама дазволіла паказаць выбаршчыкам, што ХДС/ХСС гатовая дзейнічаць рашуча, нават калі для гэтага спатрэбяцца кароткатэрміновыя альянсы з больш радыкальнымі палітычнымі сіламі.
Ці варта чакаць зменаў у адносінах паміж Германіяй і ЗША?
Пасля таго як віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы публічна раскрытыкаваў як унутраную палітыку Германіі, так і еўрапейскі падыход да ўласнай бяспекі, стала відавочна, што еўрапейска-амерыканскія адносіны маюць патрэбу ў істотным пераглядзе. ЗША вуснамі Вэнса фактычна адмовіліся ад ролі гаранта бяспекі Еўропы. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп настойвае на тым, што Германія, як важны саюзнік ЗША ў NATO, абавязаная павышаць свае абаронныя выдаткі. Аднак нямецкія палітычныя сілы, у тым ліку ХДС/ХСС, сутыкаюцца з цяжкасцямі ў павелічэнні гэтых выдаткаў праз унутраныя палітычныя і эканамічныя абмежаванні. З іншага боку, ЗША настойваюць на павелічэнні абаронных бюджэтаў і больш актыўнай ролі Германіі ў гарантаванні бяспекі ў Еўропе.
З якімі цяжкасцямі сутыкнецца кіроўная кааліцыя ў Германіі?
Фрыдрыху Мерцу, нягледзячы на перамогу на выбарах, будзе цяжка заняцца наспелымі рэформамі калі ХДС/ХСС не зможа перагледзець важнае для нямецкай эканамічнай палітыкі правіла "пазыковага тормазу". Гэтае правіла, прынятае ў Канстытуцыі Германіі ў 2009 годзе, абмяжоўвае колькасць грошай, якую дзяржава можа пазычаць, і не дазваляе павялічваць доўг больш чым на 0,35% ад агульнага аб'ёму эканомікі ў год, калі толькі няма экстранных абставінаў.
Каб заняцца эканамічнай і дзяржаўнай рэформамі, павялічыць вайсковыя выдаткі, Мерцу давядзецца альбо падняць падаткі, альбо змяніць гэтае правіла. Але для гэтага яму трэба атрымаць падтрымку дзвюх трацін галасоў у парламенце і ў радзе рэгіёнаў, што зрабіць вельмі складана, бо давядзецца дамаўляцца альбо з левымі партыямі (чаканая кааліцыя з сацыял-дэмакратамі не прынясе ХДС/ХСС канстытуцыйнай большасці), альбо парушыць правіла несупрацоўніцтва з нацыяналістамі і звярнуцца па падтрымку да AfD.
Ёсць і іншы варыянт — не рабіць нічога, і тады палітычная сітуацыя ў Германіі палярызуецца і канчаткова страціць стабільнасць.
Жэня Снежкіна, "Медиасеть"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.