Юрыя Зісера дзве гадзіны дапытвалі ў Следчым камітэце
Заснавальніка і асноўнага ўладальніка партала TUT.by Юрыя Зісера дзве гадзіны дапытвалі ў Следчым камітэце. Допыт адбываўся ў прысутнасці адваката. Зісер праходзіць сведкам па гэтак званай “справе БелТА”, з яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Таксама ён адзначае, што супрацоўнікі СК былі карэктныя і ветлівыя.
Следчы камітэт вядзе расследаванне крымінальнай справы, распачатай паводле ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, выкананы з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гаворка вядзецца пра несанкцыянаваны доступ да платнай падпіскі дзяржаўнага агенцтва БелТА.
Следчыя дзеянні праводзяцца з удзелам службовых асобаў рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва”, ТАА “РиэлтБай", ТАА "АйТиВи", выдавецкага дома “Беларуская навука”, ЗАТ “БелаПАН”, ТАА “Тутбай Мэдыя”. Вобшукі прайшлі ў рэдакцыі TUT.by, газеты “Культура”, БелаПАН.
Па гэтай справе на сёння застаюцца затрыманымі некалькі супрацоўнікаў TUT.by: Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак. З агенцтва БелаПАН затрыманая Таццяна Каравянкова. Таксама за краты змясцілі незалежных журналістаў Паўлюка Быкоўскага і Аляксея Жукава.